Дадатнае сальда знешняга гандлю Беллегпрама ў першым паўгоддзі 2010 года павялічылася ўдвая

19.08.2010 13:12
Архив Редакция

Дадатнае сальда знешняга гандлю канцэрна «Беллегпрам» у першым паўгоддзі 2010 года павялічылася ў два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склала 78 млн. даляраў.

Як патлумачыў начальнік аддзелу знешнеэканамічных сувязяў «Беллегпрама» Ігар Юркевіч, адметнай асаблівасцю знешнегандлёвай дзейнасці за перыяд студзень-чэрвень 2010 года з’яўляецца апераджальны тэмп росту экспарту над тэмпамі імпарту. Аб’ём экспарту канцэрну «Беллегпрам» павялічыўся на 34,9% і склаў 273,2 млн. даляраў. Імпарт павялічыўся на 18% і склаў 195,2 млн. даляраў, паведаміла Тэлеграфу прэс-сакратарка канцэрну «Беллегпрам» Таццяна Пышкала.

Пры гэтым у аддзеле ЗЭС канцэрну адзначаюць рост аб’ёму экспарту прадукцыі ўласнай вытворчасці (без давальніцкіх заказаў) на 44,8% да ўзроўню 206,9 млн. даляраў. Такім чынам, удзельная вага прадукцыі ўласнай вытворчасці канцэрну ў агульным аб’ёме экспарту вырасла на 5,2% і склала 75,7%.

Яшчэ адной адметнай асаблівасцю знешняга гандлю канцэрну, распавёў Ігар Юркевіч, з’яўляецца рост экспарту па асноўнай наменклатуры тавараў лёгкай прамысловасці. Экспарт ільняных, баваўняных, шаўковых тканін павялічыўся на 50%. Амаль у два разы павялічыўся экспарт ільняной пражы. На 60% вырас экспарт дываноў і аб’ёмнай пражы. Экспарт абутку павялічыўся на 34%, трыкатажных вырабаў на 44%, швейных вырабаў на 16%.

У першым паўгоддзі бягучага года прадпрыемствы канцэрну пастаўлялі сваю прадукцыю ў 55 краін свету. Удзельная вага экспарту ў агульным аб’ёме экспарту ў краіны СНД за студзень-чэрвень 2010 склала 86,3%, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю 80,9%. Аб’ём экспарту ў краіны СНД за першае паўгоддзе склаў 235,8 млн. даляраў, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю 220,9 млн. даляраў. Ва Украіну аб’ём экспарту павялічыўся на 41,1%, што склала 7,1 млн. даляраў. У Казахстан экспартныя пастаўкі павялічыліся на 43% (4,5 млн. даляраў).

Паступова павялічваецца ўдзельная вага экспартных паставак у краіны далёкага замежжа ў першым паўгоддзі на 13,7% у параўнанні з перыядам студзень-травень 2010 года (12,4%). Аб’ём экспарту ў краіны далёкага замежжа склаў 37,4 млн. даляраў. Канцэрн павялічыў экспартныя пастаўкі ў два разы на рынкі Літвы, Італіі і Польшчы. У гэтыя краіны экспарт у першым паўгоддзі 2010 года склаў 6,4 млн. даляраў, 3,4 млн. даляраў і 2,1 млн. даляраў адпаведна. У ФРГ аб’ём экспарту за першае паўгоддзе 2010 года знізіўся на 7,3% і склаў 10,8 млн. даляраў.

Канцэрн «Беллегпрам» працягвае актыўна асвойваць новыя рынкі збыту айчыннай прадукцыі лёгкай прамысловасці. У першым паўгоддзі бягучага года Аршанскі льнокамбінат аднавіў пробныя пастаўкі сталовай льняной бялізны і льняных тканінаў на рынак Аўстраліі на суму 17 тыс. даляраў. Беларускі вытворца ільняных вырабаў у першым паўгоддзі ўпершыню паставіў невялікія спробныя партыі льняных тканінаў у Новую Зеландыя на суму каля 2 тыс. даляраў і ў Нарвегію на 6 тыс. даляраў.

У першым паўгоддзі 2010 года ў Ліван была адпраўлена партыя посуду Добрушскага фарфоравага заводу на суму больш за 19 тыс. даляраў. У жніўні 2010 года беларускі вытворца фарфору ўпершыню адправіў партыю посуду ў Канаду на суму 13 тыс. даляраў.

Індэкс фізічнага аб’ёму канцэрну «Беллегпрам» склаў 108,1%

Індэкс фізічнага аб’ёму канцэрну «Беллегпрам» у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 108,1%.

За студзень-ліпень 2010 года прадпрыемствы канцэрну выпусцілі 13 024 тыс. штук посуду фарфорава-фаянсавага (тэмп росту 108,7%), 13 564 тыс. квадратных метраў льняных тканінаў гатовых (тэмп росту 91,8%), 2 117 тыс. квадратных метраў ваўняных тканінаў гатовых (тэмп росту 85,1%), 27 766 тыс. квадратных метраў шаўковых тканінаў гатовых (133,4%), цюле-гардзінных вырабаў 3 024 тыс. пагонных метраў (тэмп росту 122,4%), дываноў і дывановых вырабаў 4 892 тыс. квадратных метраў (тэмп росту 132,5%), трыкатажных вырабаў 23 059 тыс. штук (тэмп росту 112%), палотнаў ворсавых трыкатажных 5 360 тыс. квадратных метраў (тэмп росту 138,8%), гарсэтных вырабаў 8 518 тыс. штук (тэмп росту 120,6%), прадукцыі швейнай прамысловасці 10 289 тыс. штук (тэмп росту 121,1%), абутку 6 393 тыс. пар (119,7%). Доля новай прадукцыі склала 3,1% пры гадавым заданні 3,5%.

Па выніках працы за сем месяцаў бягучага года прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» павялічылі аб’ём прадукцыі ў супастаўных цэнах на 13,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, што склала 2,16 трлн. рублёў. Вытворчасць спажывецкіх тавараў у фактычных адпускных цэнах за гэты ж перыяд павялічылася на 16,7% да 1,6 трлн. рублёў.

На 8,8% павялічыўся аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных коштах на прадпрыемствах тэкстыльнай галіны, што склала 672,8 млрд. рублёў. У трыкатажнай галіне аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года на 15,6% (357,5 млрд. рублёў). На 17,3% павялічыўся аб’ём прадукцыі ў супастаўных цэнах у швейнай галіне (548,6 млрд. рублёў). У гарбарна-абутковай галіне аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах вырас на 15,6% (582,4 млрд. рублёў).

«Белвест» адкрые больш за 30 новых фірмовых крамаў ў Расіі

Да канца жніўня «Белвест» адкрые 20 фірмовых крамаў ў Расіі. Яшчэ 10 крамаў «Белвест» з’явяцца ў верасні. Да ўжо наяўных кропак продажу ў цэнтральнай Расіі беларускі абутак будзе прадавацца ў Тальяці, Курску, Саратаве, Уфе, Балакава, Ульянаўску, Сызране, Энгельсе, Іжэўску, Бярэзніках, Пермі, Арэхава-Зуеве і Самары.

За адзін сезон Восень-Зіма кожная крама рэалізуе да 5 тыс. пар скуранога беларускага абутку. Пастаўкі абутку будуць працягвацца ў крамы з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень ці два разы на месяц для абнаўлення асартыменту.

На дадзены момант у расійскіх гарадах ужо працуе каля 40 крамаў віцебскага вытворцы, а цяперашняй восенню ў Расіі будзе каля 70 фірмовых крамаў «Белвест».

Віцебскі «Белвест» утвораны ў 1988 годзе як сумеснае прадпрыемства з нямецкай кампаніяй Salamander. На сённяшні дзень гэта сумеснае беларуска-расійскае прадпрыемства. З расійскага боку ў ім удзельнічае кампанія «Политекс», якая займаецца прасоўваннем прадукцыі на рынак Расіі. Калекцыя «Белвеста» ўключае ў сябе мужчынскі, жаночы і школьны абутак з натуральнай скуры. Амаль палова ўсяго вырабленага абутку ў бягучым 2010 годзе прадаецца на расійскім рынку.

Как вам новость?
Головоломки