Дактары: мясцовага поліяміеліту ў Беларусі быць не можа

14.05.2010 12:07
Архив Редакция

Беларускія дактары выключаюць магчымасць мясцовага распаўсюджання поліяміеліту ў Беларусі, аднак прызнаюць, што ад завазных выпадкаў гэтага захворвання краіна не абароненая. Як адзначыла загадчыца эпідэміялагічнага аддзелу Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка, у Беларусі людзей прышчапляюць ад поліяміеліту з сярэдзіны XX стагоддзя.

«Беларусы прышчэплены ад поліяміеліту, а значыць, маюць імунітэт да гэтага захворвання», — цытуе спецыяліста БелаПАН.
Для выяўлення ж завазных выпадкаў поліяміеліту, па словах Алены Фісенка, у Беларусі «працуе сістэма нагляду, якая дазваляе выявіць і не прапусціць ніводнага выпадку поліяміеліту».
«Мы не чакаем, пакуль лекар западозрыць поліяміеліт, а як толькі з’яўляюцца сімптомы, якія не выключаюць гэтага захворвання, дзеці абследуюцца на інфекцыю ў абавязковым парадку. Штогод з вострымі вялымі паралюшамі ў Мінску абследуецца на поліяміеліт да 20 чалавек. Дадатных вынікаў няма», — паведаміла эпідэміёлаг.
Як раней паведамляў Тэлеграф, надоечы ў Іркуцкай вобласці РФ зафіксавалі першы за 44 гады ў рэгіёне і першы за 13 гадоў у Расіі выпадак захворвання поліяміелітам. Як паведамляе МЗС РФ, інфікаванай аказалася дзевяцімесячная дзяўчынка, якую бацькі прывезлі з сабой з Таджыкістана.

Как вам новость?