Дамова паміж Беларуссю і Ватыканам гатовая да падпісання

03.12.2010 16:19
Архив Редакция

Беларусь і Ватыкан падрыхтавалі дамову аб супрацоўніцтве. Пра гэта ў інтэрв'ю Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву паведаміў гарадзенскі рыма-каталіцкі біскуп, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч. "Дакумент падрыхтаваны і трэба маліцца, каб ён быў неўзабаве падпісаны. Але гэта пытанне Апостальскай нунцыятуры", — заявіў святар.

Згодна з біскупам, Каталіцкая царква заўсёды спрабуе весці дыялог з уладай. Паводле яго слоў, на дадзены момант адной з асноўных праблемаў каталіцтва ў Беларусі з’яўляецца недахоп святароў. Гэта выклікана як унутранымі прычынамі (нежаданне маладых людзей паступаць у духоўныя семінарыі), так і знешнімі (скарачэнне колькасці замежных святароў). Існуе праблема з візамі для замежных святароў, тым больш, што для замежных душпастыраў у Гарадзенскай епархіі яны выдаюцца толькі на паўгода, заявіў Аляксандр Кашкевіч, паведамляе беларуская служба Радыё «Ватыкана».

Сярод найбольш важных праблемаў біскуп назваў таксама распад сем’яў, вялікую колькасць разводаў, п’янства, слабую веру сярэдняга пакалення, аборты і міграцыю насельніцтва з вёсак у гарады, якая прывяла да спусташэння вёсак. «Мы бачым, што расце патрэба ў арганізацыі лепшай пастырскай апекі людзей у гарадах», — распавёў кіраўнік Гарадзенскай епархіі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Беларусь і Ватыкан працягваюць працу над двухбаковым пагадненнем. Пра гэта 2 снежня паведаміў дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бертонэ на сустрэчы ў Астане з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «Але тым не менш, можа, ёсць праблемы, прэтэнзіі да нас па абазначаных раней тэмах? Мы гатовы ў тэрміновым парадку іх разглядаць», — адзначыў прэзідэнт.

Как вам новость?
Головоломки