Дарафееў: мяне папрасілі звольніцца з АНТ

28.04.2011 15:48
Архив Редакция

Былога вядучага ток-шоў "Выбар" і "Выбар+" на беларускім тэлеканале АНТ Сяргея Дарафеева звольнілі "па згодзе бакоў", заявілі ў прэс-службе канала. Аднак сам журналіст паведаміў, што напісаць заяву яго "папрасілі". "Чаму — канкрэтных прычынаў мне названа не было. Як мне здаецца, кіраўніцтва канала не задаволілі мае прафесійныя і асабістыя якасці", — адзначыў Сяргей Дарафееў.

Па словах былога тэлевядоўцы, праблемы пачаліся пасля закрыцця праграмы «Выбар». «Склалася няпростая сітуацыя. Працаваць на канале з кожным днём мне псіхалагічна было ўсё цяжэй і цяжэй», — цытуе яго БелаПАН.

«У маіх бліжэйшых планах — працаваць і заставацца верным самому сабе. У прафесіі я адназначна застануся. Што тычыцца далейшых перспектыў — дзе працаваць, якую працу выконваць — гаварыць пакуль рана», — дадаў ён.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 20 снежня Сяргея Дарафеева адхілілі ад працы ў эфіры. Кіраўніцтва тэлеканала «выказала незадаволенасць» тым, як журналіст напярэдадні вёў прамы эфір праграмы, прысвечанай вынікам прэзідэнцкіх выбараў.

У ходзе прамога эфіру ток-шоў «Выбар», які адбыўся праз некалькі гадзін пасля закрыцця выбарчых участкаў, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, прысутная на праграме, пакінула студыю, заявіўшы потым, што Сяргей Дарафееў яе «дастаў«.

Журналіст, акрамя таго, у ходзе ток-шоў прасіў чыноўнікаў адказаць, чаму насельніцтву нельга сабрацца на плошчы ўвечары 19 снежня і чаму апазіцыянерам не дазволілі дзяжурыць на выбарчых участках у начны час.

Пасля гэтай праграмы кіраўніцтва тэлеканала адправіла Сяргея Дарафеева ў адпачынак, а праекты «Выбар» і «Выбар+» у эфір больш не выходзілі.

Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб апошнім выпуску перадачы «Выбар», назваў Сяргея Дарафеева «маладым журналістам, якога трэба паставіць на месца».

Как вам новость?
Головоломки