Дашкевіч: улады перад выбарамі хвалюе актыўнасць "Маладога фронту"

02.08.2010 16:06
Архив Редакция

Беларускіх уладаў напярэдадні выбараў вельмі непакоіць актыўнасць незалежных моладзевых арганізацыяў, заявіў старшыня незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч. Па ягоных словах, менавіта моладзевыя апазіцыйна настроеныя арганізацыі будуць граць галоўную ролю ў пераменах у Беларусі.

Заява лідара моладзевай арганізацыі стала рэакцыяй на артыкул дарадцы дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Ігара Паддубскага, апублікаваны ў аналітычным часопісе «Беларуская думка». У дадзеным артыкуле прадстаўнік Савета бяспекі залічыў «Малады фронт» разам з такімі арганізацыямі, як «Моладзь БНФ», «Маладая Беларусь», «Маладыя дэмакраты» да экстрэмісцкіх арганізацыям.

Аднак, як заявіў Зміцер Дашкевіч, статутныя палажэнні і дзейнасць МФ і іншых названых арганізацыяў не маюць прыкметаў экстрэмісцкай дзейнасці — заклікаў да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, захопу ўлады, распальвання варожасці, прапаганды выключнасці.

«Вызначэнне экстрэмісцкай дзейнасці даецца ў законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», — патлумачыла праваабаронца Настасся Лойка. — Вялікае азначэнне зводзіцца да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, захопу ўлады, прапаганды варожасці. Аўтар артыкулу мог проста вырваць частку азначэння, а не ўспрыняць закон цалкам».

Разам з тым, праваабаронца сцвярджае, што дзеянні вышэйназваных моладзевых арганізацыяў ніколі не мелі гвалтоўнага характару. Тым не менш, адзначыла Настасся Лойка, у 2007 годзе арганізацыі адмовілі ў рэгістрацыі менавіта ў сувязі з «падазрэннем у гвалтоўным замаху на канстытуцыйны лад».

Лойка: улады ўспрымаюць непадпарадкаванне як «гвалтоўны замах на дзяржаўны лад»

«Верагодна, слова «гвалтоўны» яны ўспрымаюць не ў сэнсе, звязаных са зброяй, сілай, а як проста непадпарадкаванне. Гэта, безумоўна, не адпавядае рэчаіснасці. Адбываецца змазванне паняццяў — трэба ж нечым тлумачыць дыскрымінацыю па палітычных матывах», — распавяла Настасся Лойка.

Больш за тое, сябры «Маладога фронту» не маюць за мэту звяржэнне канстытуцыйнага ладу Беларусі, заявіў лідар незарэгістраванай арганізацыі. «Малады фронт» выступае за аднаўленне канстытуцыйнага ладу, змена якога адбылася на сфальсіфікаваных рэферэндумах, то бок канстытуцыйных пераваротах 1995, 1996, 2004 гадоў», — растлумачыў Зміцер Дашкевіч.

«Дзейнасць «Маладога фронту» накіравана на адраджэнне Беларусі на аснове нацыянальнай ідэі і хрысціянскіх прынцыпаў. Любая здаровая ўлада, якую хвалюе лёс свайго народа, павінна была б толькі вітаць такія дзеянні. Аднак беларускі рэжым непакоіцца толькі пра тое, як захаваць сваё панаванне, менавіта таму вулічная актыўнасць МФ так яго турбуе», — дадаў Дзмітрый Дашкевіч.

Як раней паведамляў Тэлеграф, галоўны дарадца дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Ігар Паддубскі апублікаваў у аналітычным часопісе «Беларуская думка» артыкул «Некаторыя аспекты дзейнасці радыкальных фармаванняў». У ёй прадстаўнік Савета бяспекі да ліку радыкальных фармаванняў залічыў практычна ўсе апазіцыйна настроеныя моладзевыя структуры, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки