Датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах пачнецца 20 красавіка

15.04.2010 17:13
Архив Редакция

Датэрмінова прагаласаваць на выбарах у мясцовыя саветы можна будзе з 10:00 20 красавіка. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына. У перыяд датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00.

Старшыня ЦВК паведаміла, што 19 красавіка будзе праведзена «генеральная праверка» працы выбарчых камісій. «У гэты дзень участковыя камісіі атрымаюць бюлетэні для галасавання. Яны звяжуцца з намі, як гэта будзе праходзіць у дзень галасавання», — прыводзіць словы Лідзіі Ярмошынай БелаПАН. Кіраўніца Цэнтравыбаркаму таксама адзначыла, што фактычна выбарчыя ўчасткі адкрытыя з дзявятага красавіка. З гэтага дня грамадзяне маглі праверыць, ці занесеныя яны ў спісы выбаршчыкаў.

На мясцовых выбарах у Беларусі 25 красавіка можна будзе прагаласаваць без пашпарта.

У адпаведнасці з рашэннем Цэнтравыбаркаму, у выпадку адсутнасці пашпарта бюлетэнь будзе выдавацца пры прад’яўленні ваеннага квітка, службовага пасведчання дзяржаўнага служэлага, пенсійнага пасведчання, студэнцкага квітка, даведкі з органаў унутраных спраў ці дазволу на жыхарства грамадзяніна Расіі, які ўвесь час пражывае ў Беларусі.

Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, ёсць некалькі сотняў чалавек, якія адмаўляюцца атрымліваць пашпарт новага ўзору па рэлігійных меркаваннях. Яны змогуць прагаласаваць на падставе пашпарта старога ўзору.

Как вам новость?