Давераная асоба Статкевіча папрасіла палітычнага прытулку ва Украіне

31.12.2010 15:41
Архив Редакция

Давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты ў Беларусі Мікалая Статкевіча, каардынатар яго штаба па Гомельскай вобласці, жыхар Рэчыцы Віктар Канцавенка папрасіў палітычны прытулак ва Украіне. «На дадзены момант я знаходжуся ва Украіне і папрасіў тут палітычны прытулак у сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі і пагрозай маёй свабодзе і жыццю», — паведаміў ён па тэлефоне з Кіеву.

«Калі б я застаўся дома, упэўнены, мяне пасадзілі б ў турму па надуманым абвінавачанні і з мэтай выбіць паказанні на Мікалая Статкевіча», — адзначыў Віктар Канцавенка, перадае БелаПАН.

«Калі мяне не было дома, да жонкі прыходзілі невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, і правялі агляд дома, пыталіся, дзе я. Сачылі і за мной, але мне ўдалося схавацца. Я ехаў на дызель-цягніку і выйшаў на некалькі прыпынкаў раней, не даязджаючы да Жлобіна. Потым з Жлобіна з’ехаў на машыне ў Бранск, адтуль пераехаў у Чарнігаў, і там мне таварыства абароны правоў чалавека дапамагло патрапіць у Кіеў і падаць дакументы на атрыманне статусу бежанца», — распавёў апазіцыянер.

Как вам новость?