Давыдзька пакуль не ведае, як зрабіць БТ канкурэнтам сусветных каналаў

04.01.2011 13:00
Архив Редакция

Новы кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька мяркуе, што яму пакуль рана распавядаць аб сваіх працоўных планах на новай пасадзе. Таксама новы старшыня НДТРК пакуль не паведаміў, як збіраецца выконваць даручэнне прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое заключаецца ў тым, каб зрабіць Першы канал беларускага тэлебачання канкурэнтам сусветных каналаў.

«Я так мяркую, што яшчэ ранавата — я толькі тут разбіраюся ў справах, іх шмат, шмат, шмат. Таму я так думаю, што пэўныя планы ў мяне сфармулююцца ў галаве прыблізна праз тыдзень, не раней. Ва ўсякім разе не раней. І ўжо праз тыдзень я з задавальненнем адкажу на ўсе пытанні», — цытуе Генадзя Давыдзьку «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Гаворачы аб сваіх першы кроках у якасці кіраўніка НДТРК, Генадзь Давыдзька сказаў: «Самыя першыя: параіцца з тымі, хто працуе, паглядзець, што самае лепшае ёсць, паглядзець на тыя памылкі, якія існуюць, на якасць. Пакуль што — зарыентавацца. Першае — зарыентавацца. Каб не зрабіць памылкі ў такой складанай і важкай справе».

Пры гэтым ён адзначыў, што прызначэнне на гэтую пасаду для яго было «абсалютна нечаканым». «Мяне проста выклікалі і прызначылі», — адзначыў новы старшыня НДТРК.

Генадзь Давыдзька таксама распавёў, што ў Белтэлерадыёкампаніі ўжо склаўся калектыў. «Вельмі моцны, прафесійны, — падкрэсліў ён. — І ў першую чаргу — што тычыцца тэхнічных службаў. А што тычыцца творцаў… Зразумела, трэба будзе крыху іх заахвоціць. Падштурхнуць і заахвоціць, я так мяркую. І адначасова — паставіць задачы цікавыя, і тады ўсё будзе. А што тычыцца кіраўніцтва кампаніі — разбярэмся! Трэба будзе проста паглядзець: хто як працаваў, хто дзе памыляўся, хто — не памыляўся. І зрабіць высновы для сябе».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новым кіраўніком НДТРК Генадзем Давыдзька зрабіць Першы канал беларускага тэлебачання аб’ектыўным і цікавым, каб ён мог канкураваць з сусветнымі тэлеканаламі. Па словах Генадзя Давыдзькі, беларускае тэлебачанне павінна быць даступнае «ва ўсёй максімальна магчымай медыяпрасторы».

На пасаду старшыні НДТРК 55-гадовы заслужаны артыст Беларусі, лідар асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў» Генадзь Давыдзька быў прызначаны кіраўніком дзяржавы 28 снежня 2010 года.

Как вам новость?