Даходы беларускіх банкаў у 2010 годзе выраслі на 57,6%

09.11.2010 15:06
Архив

Па дадзеных Нацбанка Беларусі, па стане на 1 кастрычніка прыбытак, атрыманы беларускімі банкамі, дасягнуў 1,205 трлн. рублёў. Пры гэтым за аналагічны перыяд 2009 года даходы банкаўскага сектару склалі 764,4 млрд. рублёў. Такім чынам, за дзевяць месяцаў 2010 года прыбытак беларускіх банкаў павялічыўся на 57,6%.

Найбуйнейшымі гульцамі на рынку па прыбытку і актывах па-ранейшаму застаюцца дзяржбанкі. У студзені-верасні «Беларусбанк» зарабіў 328,2 млрд. рублёў прыбытку, «Белаграпрамбанк» — 184,2 млрд. «Белінвестбанк» — 77,8 млрд. рублёў. На долю ўсіх дзяржбанкаў прыпадае 49,9% ад агульнага аб’ёму прыбытку (больш за 600 млрд. рублёў), перадаюць «Беларускія навіны».

Другую палову прыбытку на рынку зарабляюць у асноўным камерцыйныя банкі, кантраляваныя замежным капіталам. Так, «Прыёрбанк», які ўваходзіць у аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen, атрымаў за першыя дзевяць месяцаў 2010 года 179,4 млрд. рублёў прыбытку (плюс 28,8% да студзеня-верасня 2009 года).

«БПС-Банк», прададзены ў канцы мінулага года расійскаму «Сбербанку», павялічыў памер прыбытку на 41,8%. Прыбытак банка за студзень-верасень 2010 года склаў 95,9 млрд. рублёў.

Прыбытак «Белгазпрамбанка», што належыць расійскай групе «Газпром», на 1 кастрычніка быў роўны 63,4 млрд. рублёў (плюс 49,1% у параўнанні са значэннем, дасягнутым год таму).

Прыбытак «Белзнешэканомбанка», які купіў расійскі «Внешэкономбанк», быў роўны на 1 кастрычніка 52 млрд. рублёў (рост на 75,1% у параўнанні са студзенем-вераснем 2009 года).

Банк «Масква-Мінск», які належыць расійскаму «Банку Масквы», атрымаў за студзень-верасень прыбытак у памеры 51,9 млрд. рублёў, павялічыўшы памер свайго прыбытку на 38,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Прыбытак «МТБанка», які належыць сумеснаму прадпрыемству амерыканскага інвестфонду Horizon Capital і аўтамабільнаму холдынгу «Атлант-М», быў роўны на 1 кастрычніка 30,4 млрд. рублёў (плюс 74,3% у параўнанні да аналагічнай даты мінулага года).

Прыватныя банкі, што належаць рэзідэнтам Беларусі, займаюць нязначную долю на рынку. Так, доля «Трастбанка», «РРБ-Банка», «Тэхнабанка», «Еўрабанка» ў агульным аб’ёме прыбытку склала 1,3% па выніках за студзень-верасень, у агульным аб’ёме актываў — 1,1%.

Сумарна прыбытак ўсіх прыватных банкаў, у тым ліку тых, што належаць замежнаму капіталу, склала на 1 кастрычніка 654,5 млрд. рублёў (50,1% ад агульнага аб’ёму прыбытку).

Беларускія банкі здымаюць грошы за прагляд балансу на рахунку

Многія беларускія банкі бяруць грошы не толькі за выдачу наяўных грошай, але і за прагляд балансу рахунку, паведамляе «Камсамольская праўда в Беларусі».

«Аказваецца, каб даведацца, колькі я яшчэ магу патраціць, мне трэба кожны раз плаціць за гэтыя звесткі. Вядома, гэта тычыцца толькі чужых банкаматаў, у сваім аб стане майго рахунку мне раскажуць бясплатна. Так хутка пачнуць браць грошы і за тое, каб вярнуць картку з банкамата!», — абураецца кліент банка, які выпадкова даведаўся пра новыя плацяжы.

«Мы ўвялі камісію за прагляд балансу толькі ў прыладах іншых банках, у банкаматах нашага банка кліенты па-ранейшаму могуць скарыстацца гэтай паслугай бясплатна. Гэта зроблена ў першую чаргу для таго, каб трымальнікі нашых пластыкавых картак больш карысталіся нашымі банкаматамі, а не чужымі», — растлумачылі ў офісе аднаго з камерцыйных банкаў.