Дэлегацыя "Газпрома" не прыедзе дамаўляцца па стаўках транзіту

28.06.2010 09:38
Архив Редакция

Генеральны дырэктар "Белтрансгазу" Уладзімір Маёраў паведаміў, што запланаваны на 28 чэрвеня прыезд у Мінск дэлегацыі "Газпрома" для перамоваў па стаўках транзіту газу адменены. Па словах кіраўніка беларускага аператара газаправодаў, неабходнасць у гэтым адпала ў сувязі з тым, што бакі змаглі істотна зблізіць пазіцыі па гэтым пытанні.

Уладзімір Маёраў заявіў, што цяпер «Белтрансгаз» і «Газпром» «цалкам могуць працаваць дыстанцыйна» і разлічваюць дамовіцца па стаўках транзіту ў найбліжэйшы час, перадае БелТА.

Расійскі газавы холдынг ўжо перадаў Беларусі сваю рэдакцыю дадатковага пагаднення па транзіце газу, а «Белтрансгаз» пасля ўзгаднення ў Мінску 27 чэрвеня выслаў яго назад у Маскву.

«Думаю, што мы, як раней і планавалі, у сераду-чацвер ўсе неабходныя дакументы падпішам», — сказаў гендырэктар «Белтрансгаза» і адзначыў, што тэхнічна магчыма гэта зрабіць нават дыстанцыйна.

Сямашка: Расія прызнала наяўнасць рэшты доўгу за транзіт у памеры 32 млн. даляраў

Тым часам першы віцэ-прэм’ер Беларусі паведаміў, што звязваўся з кіраўніцтвам «Газпрома» па тэлефоне, і кіраўнік холдынгу Аляксей Мілер і ягоны намеснік Валеры Голубеў «прызнаюць, што яны нам не даплацілі», перадае БелаПАН.

«У мяне ёсць усе падставы, дакументальна пацверджаныя, што я павінен з іх запатрабаваць яшчэ 32 млн. даляраў — да 260 млн. даляраў. Яны пацвярджаюць, што так, ёсць пытанні», — расказаў намеснік кіраўніка ўрада на нарадзе ў прэзідэнта.

«Мы дамовіліся, што ў панядзелак раніцай прыбывае рабочая група ад «Газпрома» сюды на перамовы ў «Белтрансгаз», працуюць два дні (панядзелак — аўторак), а ў сераду ў другой палове дня прылятае сюды намеснік Мілера — Голубеў. Мы з ім падпішам дакумент, у якім будзе зафіксавана прызнанне гэтых даўгоў і тэрміны, калі яны гэтыя грошы вернуць», — праінфармаваў Уладзімір Сямашка.

Как вам новость?
Головоломки