Дэмакраты ўсяго свету выказалі салідарнасць з Беларуссю

17.02.2011 12:43
Архив Редакция

У Дзень салідарнасці, 16 лютага, актывісты дэмакратычных рухаў розных гарадоў Беларусі, а таксама Літвы, Польшчы, Нідэрландаў і Вялікабрытаніі правялі акцыі падтрымкі фігурантаў "справы 19 снежня" і іншых пацярпелых ад пераследу пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама родных зніклых у краіне апазіцыянераў.

У Мінску такую акцыю арганізавалі ўдзельнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», яе правялі на балконе кінатэатра «Кастрычнік», які размешчаны на фасадзе будынка. Маладыя людзі разгарнулі расцяжку «Свабоду палітвязням!», яны таксама трымалі партрэты арыштаваных. Паводле інфармацыі сайта кампаніі, людзі, якія праходзілі міма, выказвалі ўдзельнікам дэманстрацыі словы падтрымкі і фатаграфавалі, што адбываецца.

Актывісты таксама расклеілі ў людных месцах горада і ў транспарце партрэты фігурантаў «справы 19 снежня» і налепкі «Свабоду палітвязням!» і «Не палітычнаму тэрору».

У Гомелі ўдзельнікі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» і ініцыятывы «Плошча-2010» распаўсюджвалі інфармацыю аб выбарах 19 снежня і сітуацыі пасля іх. Больш за тысячу ўлётак яны раздалі на транспартных прыпынках, каля жылых дамоў, а таксама студэнтам. У горадзе таксама з’явіліся партрэты фігурантаў справы аб масавых беспарадках Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты, Мікалая Статкевіча і іншых.

Акцыю салідарнасці 16 лютага таксама арганізавалі ў Вільні. У мітынгу ўдзельнічалі члены штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і ВНУ Літвы.

У Маскве Amnesty International правяла пікет

У Маскве юрысты міжнароднай арганізацыі Amnesty International правялі пікет, падчас якога патрабавалі вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі, якіх утрымліваюць у турме пасля выбараў у снежні, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

У Гаазе грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем» правяла мірную дэманстрацыю каля амбасады Беларусі. Актывісты арганізацыі выказалі салідарнасць з блізкімі зніклых экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Акрамя таго, удзельнікі ініцыятывы прадэманстравалі салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца ў турмах пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама «з усімі ахвярамі апошняй дыктатуры Еўропы», як яны заявілі.

Палякі разбурылі «муры беларускіх камераў»

На вуліцах Варшавы салідарныя з Беларуссю раздавалі ўлёткі аб палітычнай сітуацыі ў краіне і інфармавалі мінакоў пры дапамозе мегафона аб тым, што беларускае грамадства мае патрэбу ў падтрымцы.

Яны таксама інсцэніравалі «разбурэнне муру», які пабудавалі, нягледзячы на моцны вецер. Сцяна сімвалізавала камеры, у якіх знаходзяцца беларускія апазіцыянеры. Затым дэмакратычныя актывісты ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі і прайшлі па цэнтры горада.

Как вам новость?
Головоломки