Дэмсілы заклікаюць Лукашэнку не вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах

30.08.2010 15:06
Архив Редакция

Дэмакратычныя сілы Мінскай вобласці заклікаюць дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку адмовіцца ад удзелу ў будучых выбарах. Пра гэта гаворыцца ў звароце да ўлады, апазіцыі і народу, прынятым 29 жніўня ў Мінску на рэгіянальнай канферэнцыі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў.

На думку дэмакратычных сілаў, цяперашняе кіраўніцтва краіны не можа прапанаваць выхад з «найглыбейшага эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага тупіку», у якім знаходзіцца цяпер Беларусь, перадае БелаПАН.

Дэмакратычныя сілы лічаць, што з такой складанай сітуацыі краіну зможа вывесці толькі новы лідар — з добрай рэпутацыяй, які карыстаецца даверам і павагай беларускіх выбаршчыкаў і замежных партнёраў, здольны аздаравіць беларускую эканоміку і ўдыхнуць надзею ў грамадства.

У сувязі з гэтым дэмсілы заклікаюць Аляксандра Лукашэнку «паставіць інтарэсы беларускага народа вышэй за ўласныя палітычныя амбіцыі і адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах», — гаворыцца ў звароце.

Дэмсілы: чыноўнікі павінны быць не толькі вінцікамі дзяржапарату

Акрамя таго, у дакуменце дэмсілы звяртаюцца і да чыноўнікаў з заклікам «адчуць сябе грамадзянамі Беларусі, а не толькі вінцікамі дзяржаўнага апарату, а таксама правесці выбарчую кампанію сумленна і адкрыта, адмовіўшыся ад фальсіфікацыяў, запалохвання і рэпрэсій».

Апазіцыю ўдзельнікі рэгіянальнай канферэнцыі заклікалі памятаць аб тым, што іх аб’ядноўвае галоўная мэта — свабодная Беларусь. У сувязі з гэтым дэмсілы прапанавалі прыкласці сумесныя намаганні па дасягненні гэтай мэты, а таксама дзейнічаць узгоднена, «не дзелячы, а памнажаючы нашы сілы».

Таксама ў звароце дэмсілы заклікалі беларускі народ «перастаць баяцца, усвядоміць сябе адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне і падтрымаць тых, хто зможа вывесці краіну з цяперашняга тупіку».

Дэмсілы Мінскай вобласці будуць супрацоўнічаць на выбарах

Па выніках канферэнцыі каардынатар мінскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Мікалай Пахабаў заявіў, што дэмсілы Мінскай вобласці падчас прэзідэнцкай кампаніі маюць намер супрацоўнічаць па шэрагу кірункаў: у пытаннях вылучэння сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, арганізацыі назірання, прызыву да абароны вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у выпадку іх фальсыфікацыі.

«Метады ўладаў становяцца больш вычурнымі і цынічнымі. Аднак гэта не падстава самаўхіліцца ад палітычнай барацьбы. Прэзідэнцкія выбары — наш шанец на тое, каб Беларусь стала дэмакратычнай, прававой дзяржавай. Не скарыстацца ім было б недаравальным. І гэты наш шанец тым вышэйшы, чым большай будзе ступень узаемадзеяння паміж прыхільнікамі пераменаў», — адзначаецца ў звароце дэмсілаў.

Как вам новость?