У Беларусі ў хуткім часе малы і сярэдні бізнэс атрымае сур'ёзную падтрымку дзяржавы. Пра гэта заявіў дэпутат пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Уладзімір Карпяк, каментуючы пасланне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі народу і парламенту.
«Профільная камісія рыхтуе да разгляду ў парламенце законапраект аб дзяржпадтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, — адзначыў парламентарый. — Час індывідуальных прадпрымальнікаў паступова праходзіць, асабліва ў гарадах. Бізнэс сталее, назапашваецца капітал. На змену дробным крамкам, якімі валодалі ІП, прыходзяць сучасныя міні- і гіпермаркеты».
Уладзімір Карпяк падкрэсліў, што прыняцце законапраекта будзе вельмі своечасовым. Па словах дэпутата, дакумент дазволіць прасоўваць і пашыраць прыватны бізнэс малых і сярэдніх прадпрымальнікаў, перадае БелТА.
«У найбліжэйшай будучыні чакаецца чарговае спрашчэнне падатковай сістэмы і вядзення бухуліку, — паінфармаваў парламентарый. — Прадпрымальнікі вельмі часта скардзяцца нават не на памер падаткаў, а на складанасць іх выплаты. Часам яны не плацяць падаткі не па злым намеры, а праз памылкі бухгалтара».
Уладзімір Карпяк таксама дадаў, што ўжо былі прынятыя крокі для спрашчэння падатковага заканадаўства. «Аднак, па ўсім відаць, іх аказалася недастаткова», — сказаў дэпутат.
Парламентарый звярнуў увагу на тое, што з прыняццем комплексу дакументаў і мераў па падтрымцы прадпрымальніцтва Беларусь можа наблізіцца да дасягнення пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам мэты — прылічэння рэспублікі да трыццаткі краін з найбольш прывабнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці. «Гэта задача вельмі складаная, але выканальная», — падсумаваў Уладзімір Карпяк.