Дэпутаты адмянілі турыстычныя ваўчары ў Беларусі

06.05.2010 16:17
Архив Редакция

На паседжанні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў другім чытанні дэпутаты прынялі папраўкі ў дзейсны закон пра турызм, паводле якіх у Беларусі будуць адменены турыстычныя ваўчары. Акрамя таго, з'явіцца асобны артыкул закона, які прадугледжвае стварэнне па краіне сеткі інфармацыйных турыстычных цэнтраў.

«Паводле законапраекта плануецца таксама зацвердзіць тыпавую дамову аказання турыстычных паслуг, што дазволіць узмацніць абарону правоў спажыўцоў», — паведаміў намстаршыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Пётар Южык, перадае БелТА. 
Па словах дэпутата, яшчэ адным новаўвядзеннем законапраекта будзе падзел падарожнікаў у Беларусі на экскурсантаў (тых, хто здзяйсняе турыстычнае падарожжа на перыяд менш за 24 гадзіны без начлегу) і турыстаў (тых, хто затрымаецца на больш працяглы тэрмін). 
Апроч гэтага, у другім чытанні дэпутаты таксама прынялі папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Паводле прынятых паправак, дзеці з непаспяховых сем’яў атрымаюць дадатковыя правы на абарону, а ў іх бацькоў з’явяцца дадатковыя абавязкі па пакрыцці дзяржаве выдаткаў на ўтрыманне іхніх дзяцей. Дакументам таксама ўдакладняецца тэрмін, на працягу якога з непаспяховых сем’яў будуць забіраць дзяцей па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх. 
Акрамя таго, на паседжанні прынята рашэнне прыняць у другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях прадухілення легалізавання прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. Дадзеныя папраўкі будуць удакладняць, што ідэнтыфікацыя ўдзельнікаў фінансавых аперацый праводзіцца толькі пры ўмове заключэння з імі дамоваў на ажыццяўленне фінансавых аперацый у пісьмовай форме. 
Таксама замацавана палажэнне аб неабходнасці запаўнення і прадстаўлення спецыяльнага фармуляра ў орган фінансавага маніторынгу па аперацыях з безнаяўнымі грашовымі сродкамі паміж банкамі Беларусі толькі банкамі-адпраўнікамі грашовых сродкаў.

Как вам новость?
Головоломки