Дэпутаты могуць адмяніць артыкул 193 КК Беларусі

02.09.2010 10:13
Архив Редакция

Дэпутаты ведаюць аб праблеме артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пытанне аб ліквідацыі дадзенага артыкула абмяркоўваецца. Пра гэта заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Яўген Мельнік.

Яўген Мельнік правёў сустрэчу з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў. Па словах каардынатара кампаніі «Стоп 193-1» Алены Валынец, адной з удзельніц сустрэчы, дэпутат прызнаў, што артыкул 193-1 псуе імідж краіны і з’яўляецца каменем спатыкнення ў адносінах з Еўрапейскім саюзам, перадае БелаПАН.

«Тым не менш, ён агучыў аргумент, які выкарыстоўваецца ў дыялогу з еўрапейскімі чыноўнікамі: маўляў, на справе гэты артыкул не прымяняецца», — адзначыла Алена Валынец.

Актывісты нагадалі дэпутату, што па гэтым артыкуле крымінальнага кодэксу з часу яго ўступлення ў сілу былі асуджаныя 17 чалавек, а некалькім дзесяткам былі вынесеныя пракурорскія папярэджанні аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

«Нам у чарговы раз заявілі, што пытанне дэкрыміналізацыі дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў абмяркоўваецца, што яго вывучае мінюст, што дэпутаты ў курсе праблемы. Аднак ніякіх дакладных планаў аб адмене артыкула 193-1 нам не раскрылі», — расказала актывістка.

«Мы выказалі надзею, што на бліжэйшай сесіі ў дэпутатаў знойдзецца час і магчымасць для выключэння артыкула 193-1 з беларускага заканадаўства. Змаглі ж дэпутаты напярэдадні выбараў 2006 года ў аўральным парадку ўвесці крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», — адзначыла Алена Валынец.
 
Як паведаміла грамадская актывістка, на наступным тыдні плануецца сустрэча па гэтым пытанні з міністрам юстыцыі Беларусі Віктарам Галаванавым.

Как вам новость?
Головоломки