Дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект бюджэту Беларусі на 2011 год

14.09.2010 14:16
Архив Редакция

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 14 верасня прыняла ў другім чытанні праект рэспубліканскага бюджэту на 2011 год. Характэрнай асаблівасцю дакументу з'яўляецца тое, што ў ім улічаны змены ў падатковым кодэксе, якія істотна спрашчаюць сістэму падаткаабкладання.

Так, падатковая нагрузка ў Беларусі ў 2011 годзе павінна знізіцца на 0,4% да ВУП. Праект бюджэту сфармаваны зыходзячы з тэмпаў росту ВУП у 2011 годзе на ўзроўні 110%, гадавой інфляцыі на ўзроўні 8%, сярэднегадавога курсу даляра да беларускага рубля — 3,1 рублёў, перадае БелТА.

Даходы кансалідаванага бюджэту ў 2011 годзе прагназуюцца ў памеры 54,5 трлн. рублёў. Гэта складзе 118% да ацэнкі 2010 года. Выдаткі кансалідаванага бюджэту прадугледжваюцца ў памеры 60,53 трлн. рублёў (118,3% да ўзроўню 2010 года). Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту ў 2011 годзе прадугледжваюцца ў суме 33,6 трлн. рублёў, або 116,9% да прагназаванага ўзроўню 2010 года. Выдаткі рэспубліканскага бюджэту запланаваны ў памеры 39,6 трлн. рублёў (123,3%).

Структура даходаў у наступным годзе захоўваецца. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту, як і раней, будуць ПДВ — 35,1%, падаткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 13,3%, падаткі на даходы і прыбытак — 12,8%, падаходны падатак — 10,1%, акцызы — 9,8%. Разам з тым, у 2011 годзе плануецца павялічыць даходы бюджэту ад увазных мытных пошлінаў.
 
Акрамя таго, у праекце бюджэту прадугледжана павелічэнне дэфіцыту да 3% да ВУП (або каля 6 трлн. Рублёў). Фінансаваць дэфіцыт бюджэту плануюць за кошт унутраных і знешніх крыніц.

У праекце бюджэту Беларусі на 2011 год улічаны прапановы дэпутатаў
 
Як паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Аляксандр Антоненка, у цяперашнім праекце рэспубліканскага бюджэту былі ўлічаны многія прапановы і заўвагі беларускіх дэпутатаў.

«Праведзена шмат паседжанняў працоўных груп і камісій. Праца ішла даволі напружана. Паседжанні бывалі даволі шумнымі. Вывяралася усё, нават да косак. Трэба было ўсё выверыць, выкарыстаць вельмі дакладныя фармулёўкі», — распавёў Аляксандр Антоненка.

Па яго словах, больш за ўсё абмеркаванняў было з нагоды спрашчэння заканадаўства і прыняцця нормаў, накіраваных на яго лібералізацыю. Так, у спрашчэнні парадку выплаты падатку на дадатковую вартасць, вядзення справаздачнасці і вызваленні ад выплаты падаходнага падатку сумы кампенсацый маральнай шкоды ёсць заслуга, у тым ліку, і дэпутатаў. Таксама ў дакуменце ўлічылі прапанову парламентарыяў аб павышэнні заработнай платы лекарам і настаўнікам.
 
Дэпутаты таксама настаялі на тым, каб у бюджэце наступнага года былі адшуканыя сродкі на галіну геолагаразведкі. Парламенцкая камісія па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні змагла пераканаць мінфін і ўрад у неабходнасці павялічыць фінансаванне гэтай галіны.
 
У якасці довадаў дэпутаты паведамілі пра тое, што знос асноўных сродкаў у галіне хутка наблізіцца да 80%. Каб вырашыць праблему, папярэдне было вырашана набыць у крэдыт буравую ўстаноўку коштам каля 80 млрд. рублёў, аднак, у галіны няма грошай на выплату працэнтаў па гэтым крэдыце. Пасля доўгіх дыскусій прынята рашэнне прадугледзець у бюджэце сродкі на пагашэнне працэнтаў па крэдыце на закупку новага абсталявання.

Как вам новость?