Дэпутаты ратыфікавалі пакет дакументаў Мытнага саюза

04.06.2010 16:05
Архив Редакция

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага чэрвеня на пасяджэнні чацвёртай сесіі парламенту ратыфікавалі пяць пагадненняў Мытнага саюза. У прыватнасці, дэпутаты ратыфікавалі два пагадненні, якія рэгулююць адносіны ў галіне абавязковай ацэнкі адпаведнасці прадукцыі на тэрыторыі Мытнага саюза.

Гэта пагадненні аб звароце прадукцыі, якая падлягае абавязковай ацэнцы адпаведнасці, і аб узаемным прызнанні акрэдытацыі органаў па сертыфікацыі і выпрабавальных лабараторый, якія выконваюць працу па ацэнцы адпаведнасці, паведамляе БелТА.

Па словах першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктара Назаранкі, падпісанне комплексу пагадненняў накіравана на тое, каб зрабіць больш эфектыўнай сістэму кантролю і нагляду за небяспечнымі відамі прадукцыі.

Паводле гэтых міжнародных дакументах пастаўшчыкі і вытворцы з дзяржаваў Мытнага саюза будуць знаходзіцца ў роўных умовах у дачыненні да пацверджання адпаведнасці прадукцыі, якая падлягае абавязковай ацэнцы. Бакі таксама абавязваюцца ўзаемна прызнаваць вынікі працы па абавязковай ацэнцы адпаведнасці прадукцыі і акрэдытацыю органаў па сертыфікацыі і выпрабавальных лабараторый. Пагадненні вызначаюць умовы ўвозу і перамяшчэння прадукцыі, якая падлягае абавязковай сертыфікацыі і дэклараванню адпаведнасці.

Палажэнні пагаднення распаўсюджваюцца на прадукцыю як на тую, што ўвозіцца на тэрыторыю Мытнага саюза, так і на тую, што перамяшчаецца па яго тэрыторыі. Пры гэтым прадукцыя дапускаецца да абарачэння ў тым выпадку, калі яна прайшла працэдуры пацвярджэння адпаведнасці на тэрыторыі любой з дзяржаў саюза. Яно прымяняецца ў дачыненні да прадукцыі да ўступлення тэхрэгламентаў ЕўрАзЭС на дадзеную прадукцыю.

Для рэалізацыі умоваў ратыфікаванай дамовы фарміруецца Адзіны рэестр органаў па сертыфікацыі і выпрабавальных лабараторый Мытнага саюза. Парадак уключэння ў гэты пералік органаў па сертыфікацыі і лабараторый будзе ўсталёўваць Камісія МС. Яна таксама фармуе, зацвярджае і вядзе адзіны пералік прадукцыі, якая падлягае пацвярджэнню адпаведнасці, і ўстанаўлівае адзіную форму сертыфікатаў, дэкларацый адпаведнасці, а таксама пратаколаў даследаванняў, выпрабаванняў і вымярэнняў для прызнання бакамі іх вынікаў.

Тры пагадненні тычацца рэгулявання адносін у сферы ветэрынарна-санітарнага кантролю

Астатнія тры ратыфікаваныя пагадненні рэгулююць адносіны ў сферы ветэрынарна-санітарнага кантролю ў рамках Мытнага саюза. У прыватнасці, пагадненне Мытнага саюза па санітарных мерах прадугледжвае, што бакі будуць прымяняць адзіныя санітарна-эпідэміялагічны і гігіенічныя патрабаванні да тавараў.

Санэпіднагляд у дачыненні да асобаў, транспарту, падкантрольных тавараў пры перамяшчэнні іх праз мытную мяжу будзе ажыццяўляцца ў пунктах пропуску, размешчаных на мяжы краінаў Мытнага саюза.

Так, у адпаведнасці з пагадненнем па ветэрынарна-санітарных мерах бакі абавязваюцца ўзаемна прызнаваць ветэрынарныя сертыфікаты для суправаджэння падкантрольных тавараў, якія перавозяцца з тэрыторыі адной дзяржавы ў іншую. Мяркуецца стварэнне інфармацыйнай сістэмы ЕўрАзЭС у галіне тэхнічнага рэгулявання, санітарных і фітасанітарных мер і інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю Мытнага саюза.

Акрамя таго, пагадненне аб каранціне раслінаў прадугледжвае, што бакі будуць прымаць неабходныя меры па прадухіленні завозу на тэрыторыю Мытнага саюза і распаўсюджвання на ёй каранцінных аб’ектаў і будуць несці адказнасць за захаванне міжнародных абавязацельстваў і заканадаўства сваёй краіны ў галіне каранціну раслін. Пры перамяшчэнні падкаранціннай прадукцыі будзе здзяйсняцца фітасанітарны кантроль. Кожная яе партыя павінна суправаджацца фітасанітарным сертыфікатам.

Назаранка: у Мытным саюзе плануецца ўвесці адказнасць вытворцаў за якасць прадукцыі

Разам з гэтым, па словах Віктара Назаранкі, у Мытным саюзе плануецца ўстанавіць адзіную адказнасць вытворцаў за якасць прадукцыі. «Сёння сур’ёзна абмяркоўваецца пытанне аб неабходнасці гарманізацыі ў краінах Мытнага саюза сістэмы адказнасці вытворцаў за бяспеку і якасць прадукцыі. У найбліжэйшы час з’явіцца праект пагаднення, які будзе прадугледжваць аднолькавую адказнасць вытворцаў ва ўсіх трох краінах саюза», — сказаў ён.

Першы намеснік старшыні растлумачыў, што ў апошні час Расія і Казахстан ўзялі курс на пераход ад сертыфікацыі адпаведнасці якасці прадукцыі да дэкларавання. «Гэта шлях вельмі прагрэсіўны, але ён прадугледжвае вельмі сур’ёзную адказнасць вытворцы, які прыняў такую дэкларацыю», — лічыць Віктар Назаранка.

Віктар Назаранка таксама адзначыў, што цяпер дэкларацыю аб адпаведнасці «можа прымаць толькі суб’ект гаспадарання краіны-вытворцы, што дазваляе кантраляваць і пры неабходнасці прыцягваць да адказнасці за няякасную або небяспечную прадукцыю». «У рамках Мытнага саюза краіны вырашылі даць права вытворцам Беларусі, Расіі і Казахстана прымаць дэкларацыі на тэрыторыі гэтых дзяржаў. У выпадку пастаўкі на знешні рынак небяспечнай прадукцыі, адказнасць кладзецца на вытворцу, і ён павінен пакрыць усе страты, страты, якія панёс імпарцёр», — расказаў першы намеснік старшыні.

«Штрафныя санкцыі, якія панясе расійскі імпарцёр за пастаўку няякаснага беларускага тавару, павінен кампенсаваць наш вытворца паводле расійскага заканадаўства», — растлумачыў Віктар Назаранка.

Как вам новость?