Дэпутаты спрасцілі перадачу ўласнасці малому бізнэсу

26.05.2010 17:05
Архив Редакция

Дэпутаты прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва". Паводле дакумента, для малых і сярэдніх прадпрыемстваў спрашчаецца парадак перадачы ім уласнасці, якую можна будзе атрымаць, у тым ліку, бязвыплатна. Таксама прадпрымальнікі, якія арандуюць памяшканне не менш за пяць гадоў і займаюцца вытворчасцю тавараў, могуць атрымаць права на набыццё арандаваных плошчаў.

Датыкаючыся ключавых пазіцый законапраекта, намстаршыні пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Віктар Талкачоў падкрэсліў, што будзе выключаны галіновы прынцып аднясення да суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, перадае БелТА.
Па словах Віктара Талкачова, да іх будуць прылічаны ІП, мікраарганізацыі (з сярэдняй колькасцю супрацоўнікаў за каляндарны год да 15 чалавек уключна) і малыя арганізацыі (ад 16 да 100 супрацоўнікаў). «Камерцыйныя арганізацыі, дзе працуюе ад 101 да 250 чалавек, будуць аднесены да суб’ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва. Ніякай спецыяльнай рэгістрацыі ў якасці такіх або іншага пацверджання іх статусу з боку дзяржаўных органаў не запатрабуецца», — расказаў дэпутат.
Віктар Талкачоў адзначыў, што ў законапраекце таксама вызначаны асноўныя мэты і прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, рэгламентаваны віды і агульныя ўмовы такой падтрымкі. «Суб’екты малога прадпрымальніцтва могуць разлічваць на атрыманне ад дзяржавы фінансавых сродкаў (на выплатнай  ці бязвыплатнай аснове) і маёмаснай падтрымкі», — сказаў ён.
«Магчыма і вылучэнне розных відаў субсідый — для пакрыцця часткі адсоткаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, выдаткаў на выплату лізінгавых плацяжоў па дамовах фінансавай арэнды і выдаткаў, звязаных з удзелам у выставах і кірмашах ці з іх арганізацыяй. Для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва могуць быць прадугледжаны спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання, спрошчаныя патрабаванні да вядзення бухуліку і складання статсправаздачнасці», — растлумачыў Віктар Талкачоў.
Талкачоў: ІП могуць набываць дзяржмаёмасць з аплатай у растэрміноўку да трох гадоў
Па словах дэпутата, важнай і чаканай нормай законапраекта стала гарантыя ўдзелу суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ў працэдурах дзяржаўных закупак тавараў, працы і паслугаў. Дакумент прадугледжвае таксама, што пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі могуць выступаць у якасці пастаўшчыкоў, выканаўцаў, падрадчыкаў. «Для іх магчыма рэзерваванне не менш як  10% ад агульнага аб’ёму дзяржзакупак, і па гэтай частцы праводзіцца асобны конкурс», — растлумачыў Віктар Талкачоў.
Віктар Талкачоў таксама распавёў, што праектам закону для індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый прадугледжана магчымасць набыць дзяржмаёмасць з аплатай у растэрміноўку да трох гадоў. Пры набыцці дзяржаўнай маёмасці на аўкцыёнах на баку пакупніка змогуць выступаць два і больш суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, дадаў дэпутат.
Па словах Віктара Талкачова, важным з’яўляецца вызначэнне ў праекце прававога становішча Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі. «Прадугледжана магчымасць стварэння аналагічных саветаў і пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах улады. Асобны артыкул у частцы пра дзяржаўную палітыку прысвечаны аб’яднанням суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (асацыяцыям і саюзам), іх мэтам, паўнамоцтвам і правам», — паведаміў ён.
Акрамя таго, дэпутаты 26 траўня таксама ратыфікавалі міжурадавую беларуска-ўкраінскую дамову аб выязным кірмашовым гандлі таварамі нацыянальнай вытворчасці ў прымежных рэгіёнах дзвюх краінаў і прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб Камітэц дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах».

Как вам новость?
Головоломки