Дэпутаты вырашылі ратыфікаваць памежную дамову з Польшчай 11 лістапада

11.11.2010 09:17
Архив Редакция

Беларускія дэпутаты плануюць ратыфікаваць міжурадавую дамову з Польшчай аб правілах прыгранічнага руху на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў 11 лістапада. Пагадненне прадугледжвае спрошчаны парадак перасячэння мяжы для жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Польшчы, паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Згодна з дамовай, права на спрошчанае перасячэнне мяжы атрымаюць жыхары населеных пунктаў, размешчаных у 30-кіламетровай зоне. Таксама калі частка населенага пункта знаходзіцца паміж 30-м і 50-м кіламетрамі ад мяжы, то гэты населены пункт прызнаецца часткай памежнай тэрыторыі, перадае БелТА.

Дзеянне пагаднення распаўсюджваецца на жыхароў памежных тэрыторый, якія пражываюць там не менш за тры гады. Згодна з умовамі дамовы, для спрошчанага праходжання мяжы грамадзяне павінны атрымаць спецыяльны дазвол на памежны рух, збор за выдачу якога складзе 20 еўра, і прадаставіць дакумент, які пацвярджае асобу. Дазволы выдаюцца на тэрмін ад двух да пяці гадоў і даюць права знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы да 90 дзён на працягу паўгода.

Польскі бок ужо паведаміў Беларусі аб праходжанні ўсіх унутрыдзяржаўных працэдураў, неабходных для рэалізацыі дамовы. Беларусь у сваю чаргу разлічвае, што зможа прыступіць да рэалізацыі дамовы аб правілах памежнага руху з Польшчай у пачатку 2011 года.

Аналагічныя дамовы Беларусь падпісала таксама з Латвіяй і Літвой.

Латвія ратыфікавала дамову аб спрошчаным перасячэнні мяжы з Беларуссю

У аўторак, 9 лістапада, подпіс пад ужо ўхваленым латвійскім парламентам праектам дамовы аб спрошчаным рэжыме перасячэння мяжы з Беларуссю паставіў прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс. Ратыфікацыя пагаднення з боку Латвіі завершана, паведамілі ў канцылярыі прэзідэнта Латвіі, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Дамова аб спрошчаным рэжыме перасячэння мяжы для жыхароў памежнай зоны падпісалі міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі ў Рызе 23 жніўня.

Как вам новость?
Головоломки