Дэпутаты запрасілі парламентарыяў Даніі назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі

08.09.2010 16:44
Архив Редакция

Беларускія дэпутаты запрасілі прадстаўнікоў парламенту Даніі прыняць удзел у назіранні за будучымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч.

Парламенцкая дэлегацыя Даніі, якая з 7 верасня знаходзіцца з візітам у Беларусі, наведала сёння Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе адбыліся сустрэчы з віцэ-спікерам Віктарам Гумінскім, дэпутатамі і старшынём пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нінай Мазай.

Каментуючы вынікі перамоваў з дацкім парламентарыямі, Сяргей Маскевіч паведаміў, што падчас сустрэчы з віцэ-спікерам прагучала прапанова беларускага боку «запрасіць прадстаўнікоў парламенту Даніі ў якасці назіральнікаў на наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусь», перадае БелТА.

«Тэма будучых выбараў вельмі цікавіць дацкіх парламентарыяў, — адзначыў Сяргей Маскевіч. — Яны маюць не зусім адэкватную інфармацыю пра тое, як праходзяць выбары ў Беларусі, таму важна даць ім магчымасць асабіста, на свае вочы ўбачыць гэты працэс». Акрамя таго, дэпутат лічыць, што ў датчанаў таксама не зусім слушнае ўяўленне у цэлым пра сітуацыю ў Беларусі, склаліся пэўныя стэрэатыпы і фармалізаваныя падыходы, перакананне, што «у Беларусі штосьці вельмі і вельмі не так».

Сяргей Маскевіч спадзяецца, што цяперашні візіт дапаможа развеяць многія міфы аб Беларусі. Напрыклад, беларускія дэпутаты пастараліся пераканаць дацкіх калегаў у тым, што выбарчая сістэма ў Беларусі не ёсць догмай, нешта сталае і  што не паддаецца зменам. «Яна развіваецца, мы імкнемся максімальна выкарыстоўваць досвед краін Еўропы. Выбарчае заканадаўства ўдасканальваецца, дэпутаты і сёння абмяркоўваюць варыянты яго далейшага ўдасканалення», — падкрэсліў Сяргей Маскевіч.

Акрамя таго, бакі выказалі зацікаўленасць у далейшым развіцці супрацоўніцтва. Беларусь разлічвае на актывізацыю кантактаў у рамках «Паўночнага вымярэння», Рады краін Балтыйскага мора, Паўночнай рады. «Спадзяемся, што парламент Даніі будзе падтрымліваць ініцыятывы Беларусі па развіцці кантактаў з парламентамі краін Балтыйскага мора», — сказаў Сяргей Маскевіч.

У сваю чаргу, кіраўнік дацкай дэлегацыі старшыня Камітэту знешняй палітыкі парламенту Даніі Ева К’ер Ханс галоўнай мэтай візіту ў Беларусь назвала «працяг дыялогу як у сферы палітыкі, так і ў сферы бізнэсу, эканомікі». Напрыклад, датчанаў цікавіць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, як у цэлым, так і ў асобных яе галінах. У сваю чаргу яны гатовыя падзяліцца досведам у развіцці энергетыкі, асабліва аднаўляльных і альтэрнатыўных крыніц энергіі, напрыклад, энергіі ветру. Вядома, што Данію называюць краінай, якая справілася з нафтавай залежнасцю. Іх досвед можа апынуцца вельмі карысным для Беларусі, для якой таксама актуальная праблема залежнасці ад экспарту энерганосьбітаў.

Візіт дацкіх парламентарыяў прадоўжыцца тры дні, на працягу якіх яны наведаюць, у прыватнасці, МТЗ і Ашмянскі сыраробны камбінат. «Гэтага, вядома ж, недастаткова для дэталёвага знаёмства з краінай, але мы атрымаем агульнае ўяўленне аб сітуацыі, уражанне аб жыцці грамадства, будзем звяртаць асаблівую ўвагу на захаванне прынцыпаў дэмакратычнасці, правоў чалавека, а таксама на свабодны доступ да інфармацыі», — сказала Ева К’ер Ханс.

Как вам новость?