Дэпутаты збяруцца на пазачарговую сесію 14 верасня

07.09.2010 14:10
Архив Редакция

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь збяруцца 14 верасня на другую за верасень пазачарговую сесію. Гэтая дата значыцца ў графіку працы ніжняй палаты беларускага парламенту на бягучы месяц, які раздалі 7 верасня дэпутатам, якія сабраліся на першую пазачарговую сесію.

Як мяркуецца, на другой пазачарговай сесіі дэпутаты зацвердзяць у другім чытанні закон аб бюджэце краіны на 2011 год, закон аб бюджэце фонду сацыяльнай абароны і спадарожныя змены ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы. Праекты гэтых законаў былі прыняты ў першым чытанні 7 верасня. Пытанне аб афіцыйным старце выбарчай кампаніі ў парадку дня парламенту 14 верасня не значыцца, перадае АФН.

Сярэдні курс даляра ў 2011 годзе будзе 3 170 рублёў

Праект бюджэту на наступны год сфармавалі на аснове тэмпаў росту ВУП у 2011 годзе на ўзроўні 110%, гадавая інфляцыя складзе 8%, сярэднегадавы курс даляра да беларускага рубля — 3 170 рублёў. У структуру бюджэту ўключылі значны рост сацпакету за кошт павышэння заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых сацгарантый грамадству.

Даходы кансалідаванага бюджэту ў 2011 годзе павінны скласці 54,5 трлн. рублёў (18,1 млрд. даляраў), або 118% да ўзроўню 2010 года, даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту ў 2011 годзе — 33,6 трлн. рублёў (11,2 млрд. даляраў), або 116,9% да ўзроўню 2010 года.

Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту будуць падатак на дабаўленую вартасць — 35,1%, падаткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 13,3%, падаткі на даходы і прыбытак — 12,8%, падаходны падатак — 10,1%, акцызы — 9,8%.

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец заявіў, што ў 2011 годзе даходы бюджэту ад увазных мытных пошлінаў павялічацца, паколькі цяпер увазныя мытныя пошліны ад паступанай прадукцыі «залічваюцца ў агульны кацёл і размяркоўваюцца па бюджэтах трох краін (членаў Мытнага саюза — Тэлеграф)», гэта значыць даходы ад ўвазных мытных пошлінаў будуць залежаць як ад аб’ёмаў беларускага імпарту, так і ад аб’ёмаў увозу тавараў на тэрыторыю Расіі і Казахстана. Па яго словах, доля Беларусі ў Мытсаюзе складае 4,7%.

Харкавец: змены ў падатковы кодэкс радыкальна спросцяць падатковую сістэму

«Галоўная асаблівасць дакументу (праекту закона аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс — Тэлеграф) — радыкальнае спрашчэнне падатковай сістэмы, спрашчэнне парадку спагнання асноўных падаткаў і павелічэнне інвестыцыйных ільгот, паляпшэнне падатковага адміністравання», — адзначыў Андрэй Харкавец.

Законапраект прадугледжвае адмену мясцовага падатку на паслугі і мясцовага збору на развіццё тэрыторыяў, трох плацяжоў у складзе экалагічнага падатку, перадае БелТА.

Згодна з праектам, са складу падатковай сістэмы выключаюцца збор пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі азонаразбуральных рэчываў і збор за выдачу дазволаў на праезд аўтамабільных транспартных сродкаў Беларусі па тэрыторыі замежных дзяржаў, якія ўключаюцца адпаведна ў склад экалагічнага падатку і ў склад дзяржаўнай пошліны. Усяго ў выпадку прыняцця законапраекту плануецца адмяніць пяць абавязковых плацяжоў.

Андрэй Харкавец заявіў, што намечана зніжэнне падатковай нагрузкі ў аб’ёме больш за 700 млрд. рублёў (233,3 млн. даляраў). На яго думку, змененая сістэма падаткаабкладання павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для прытоку капіталу ў краіну.

Шчоткіна: сродкаў на сацвыплаты дастаткова

У бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на 2011 год дастаткова сродкаў на ажыццяўленне ўсіх сацыяльных выплатаў, заявіла міністарка працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

Згодна з дакументам, даходы Фонду вызначылі ў памеры каля 20,7 трлн. рублёў (6,9 млрд. даляраў), выдаткі — каля 20,5 трлн. рублёў (6,8 млрд. даляраў). Асноўная частка даходаў складаецца за кошт абавязковых узносаў на сацыяльнае страхаванне. Больш за 80% выдаткаў будзе накіравана на пенсійнае забеспячэнне. Разлік выдаткаў заснаваны на тым, што ў 2011 годзе будзе каля 2,4 млн. атрымальнікаў пенсій, сярэдні памер якіх складзе 548 тыс. рублёў у месяц (182,6 даляраў).

Марыяна Шчоткіна падкрэсліла, што бюджэт Фонду склалі на аснове аптымістычных прагнозаў. Згодна з ім, павялічацца сумы на выплату дапамог у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па догляду за дзецьмі да трох гадоў, у сувязі з пастаноўкай на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці. Прадстаўнікі мінпрацы разлічваюць таксама на павышэнне нараджальнасці ў 2011 годзе.

Как вам новость?
Головоломки