Дэпутаты знізілі штрафы за эканамічныя злачынствы

11.11.2010 17:04
Архив Редакция

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на шостай сесіі 11 лістапада ў другім чытанні прынялі праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях". Дакумент, у прыватнасці, зніжае памер штрафаў за эканамічныя злачынствы.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, законапраект прадставіў член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Андрайчук. Дэпутат паведаміў, што карэктоўка пералічаных кодэксаў накіравана на ўзгадненне змешчаных у іх нормаў з нарматыўнымі прававымі актамі кіраўніка дзяржавы.

Прапанаваныя новаўвядзенні таксама нацэлены на ўдакладненне шэрагу нормаў, якія рэгулююць умовы наступлення адміністрацыйнай адказнасці і накладання спагнанняў, для іх адназначнага разумення і аднастайнага прымянення. Як растлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў, навацыі законапраекту накіраваны на рэалізацыю палітыкі лібералізацыі заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Так, дакумент прадугледжвае магчымасць прымянення да юрыдычных асобаў такога віду адміністрацыйнага пакарання, як папярэджанне. Некаторыя артыкулы выключаюць адказнасць за нязначныя правапарушэнні, памяншаюцца памеры штрафных санкцый і, у прыватнасці, зніжаюцца максімальна дапушчальныя памеры штрафу за правапарушэнні ў сферы эканамічнай дзейнасці.

Акрамя таго, змены, што ўносяцца ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях, абумоўлены неабходнасцю ўдакладнення кампетэнцыі па складанні пратаколаў і разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, дадалі ў Палаце Прадстаўнікоў.

Как вам новость?