Дэпутаты звярнуліся да Лукашэнкі з прапановай склікаць пазачарговую сесію

30.06.2010 15:31
Архив Редакция

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прапановай правесці сёмага верасня пазачарговую, пятую, сесію парламенту. Такое рашэнне дэпутаты прынялі 30 чэрвеня на апошнім пленарным паседжанні вясновай чацвертай сесіі парламенту.

«Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу, каб нарматыўна-прававыя акты, якія тычацца дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, уступалі ў дзеянне не раней за тры месяцаў з часу іх прыняцця», — сказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіль Байкоў, тлумачачы дадзеную ініцыятыву, перадае БелТА.

Па словах дэпутата, на пазачарговай сесіі прапануецца разгледзець законапраекты аб рэспубліканскім бюджэце на будучы год, бюджэце Дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама папраўкі ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы.

«Своечасовае прыняцце законапраектаў дазволіць суб’ектам гаспадарання і грамадзянам дэталёва вывучыць гэтыя нарматыўна-прававыя акты і падрыхтавацца да працы ў новых умовах», — адзначыў Васіль Байкоў.

Кажучы аб тым, ці можа быць унесена ў парадак дня пазачарговай сесіі пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў, Васіль Байкоў заўважыў, што па Выбарчым кодэксе дата прэзідэнцкіх выбараў павінна быць прызначаная не пазней чым за пяць месяцаў да іх правядзення. «Верасень — гэта скрайні тэрмін прызначэння даты выбараў», — дадаў дэпутат, паведамляе БелаПАН.

Што тычыцца магчымасці ўнясення ў парадак дня пазачарговай сесіі пытання аб ратыфікацыі Мытнага кодэкса Мытнага саюза, то, па словах Васіля Байкова, ён не гатовы гаварыць на гэтую тэму, паколькі дадзенае пытанне не адносіцца да кампетэнцыі яго камісіі.

Дэпутаты прынялі законапраект аб аўтарскім праве і сумежных правах

Акрамя гэтага, 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні на заключным пасяджэнні сесіі законапраект «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Прадстаўляючы законапраект, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў адзначыў, што «гэты дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці функцыянавання сістэмы аховы і рэалізацыі аўтарскіх і сумежных правоў, дасягненне балансу інтарэсаў аўтара (праваўладальнікаў) грамадства і дзяржавы».

«Законапраект прадугледжвае ўдасканаленне службовых твораў і сістэмы вольнага выкарыстання аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, развіццё дамоўных адносін у рамках аўтарскай і ліцэнзійнай дамоваў, дамовы выключнага права і дамовы-заказа аб стварэнні і выкарыстанні аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў», — расказаў Ігар Войтаў.

Па словах, старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, важнае месца ў праекце закона адведзена пытанням рэгулявання адносінаў у сферы калектыўнага кіравання маёмаснымі правамі аўтараў. Таксама прадугледжана вызначэнне прававога статусу і паўнамоцтваў арганізацыяў па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, адзначыў Ігар Войтаў.

Акрамя таго, дэпутаты таксама прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон «Аб транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці».

Как вам новость?
Головоломки