Дырэктарам прадпрыемстваў за выкананне планаў абяцаюць гадавыя бонусы

23.03.2010 20:20
Архив Редакция

Урад Беларусі зацвердзіў сваёй пастановай № 385 ад 18 сакавіка ўвядзенне новых стымулаў для кіраўнікоў прадпрыемстваў. Зараз за выкананне прагнозных паказчыкаў кіраўнікі арганізацый могуць разлічваць на гадавы бонус у памеры не менш за 12 службовых акладаў.

Як заявілі з гэтай нагоды ў прэс-службе Саўміна, пастанова № 385 «Пра занясенне змен і дадаткаў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2002 года №1003» прынята «для ўзмацнення матэрыяльнай зацікаўленасці кіраўнікоў арганізацый у выкананні даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2010-м і ў наступныя гады».

«Наймальніку прадстаўлена права выплаты кіраўніку арганізацыі гадавога бонуса як адначасовага заахвочвання за выкананне арганізацыяй даведзеных ва ўсталяваным парадку паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця за справаздачны год у цэлым у памеры не менш за 12 службовых акладаў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Мінпрацы: канкрэтны памер бонусаў будзе прапісвацца ў працоўных кантрактах

У сваю чаргу, начальнік аддзела развіцця сістэм аплаты працы галоўнага кіравання працы і заработнай платы міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юрый Фёдараў, каментуючы прыняцце дакумента, паведаміў, што пэўны памер, умовы і парадак выплаты гадавых бонусаў будзе прапісвацца ў кантракце, а вызначаць яго будзе наймальнік, перадае БелТА.

Выплачвацца гадавыя бонусы будуць з прыбытку арганізацыі і будуць залежаць ад выканання паказчыкаў прагнозу і наяўнасці сродкаў на гэтыя мэты. Пры гэтым сума гадавога бонуса не будзе ўлічвацца пры вылічэнні каэфіцыента суадносін сярэдніх заработных плат кіраўніка і па арганізацыі ў цэлым, адзначыў прадстаўнік мінпрацы.

«У сусветнай практыцы (напрыклад, у Кітаі, Нямеччыне, Швецыі, Карэі, Чэхіі, Венесуэле і ў іншых краінах) гадавыя бонусы атрымалі досыць шырокі распаўсюд. Гэта дзейсная мера ўзмацнення стымулявання працы топ-мэнэджараў у дасягненні высокіх паказчыкаў развіцця кампаніі, падвышэння эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці», — падкрэсліў Юрый Фёдараў.

Как вам новость?
Головоломки