Дырэктыву № 4 прымуць ўжо ў снежні

06.12.2010 16:48
Архив Редакция

Дырэктыва № 4 «Аб мерах па лібералізацыі эканомікі і паляпшэнні дзелавога клімату ў Рэспубліцы Беларусь» будзе прынята да канца года. Пра гэта 6 снежня заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на IV Усебеларускім народным сходзе. Беларускі лідаэр выказаў упэўненасць, што ў будучыні Беларусь увойдзе ў трыццатку краін з самым спрыяльным бізнэс-кліматам.

Як сказаў кіраўнік дзяржавы, сэнс новага дакумента надзвычай просты і заключаецца ў паслабленні дзяржрэгулявання, а таксама стварэнні свабоднай рынкавай канкурэнцыі.

«Сутнасць нашай стратэгіі лібералізацыі простая: канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стварэнне добрых умоваў для развіцця прадпрымальніцтва, фармавання інвестыцыйнага клімату — гэта адзін з найбольш значных фактараў росту беларускай эканомікі.

Сёлета Беларусь заняла 68-е месца са 183 у рэйтынгу Сусветнага банка «Вядзенне бізнэсу», хаця два гады таму займала 115-е. Да прыкладу, на сённяшні дзень Расія займае ў гэтым рэйтынгу 123. Месца, Украіна — 145-е, Азербайджан — 54-е, а Казахстан — 59-е.

Дырэктыва № 4 прадугледжвае правядзенне лібералізацыі коштаў і тарыфаў ліцэнзавання, сертыфікацыі і выдачы дазволаў, унутранага і знешняга гандлю, рынку працы і працоўных адносін, а таксама арэндных адносін; прыняцце мераў па абароне правоў уласнасці і развіцця свабоднай канкурэнцыі; паляпшэнне сістэмы кантролю над дзейнасцю камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якасці падатковага адміністравання; зніжэнне падатковай нагрузкі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, беларуская бізнэс-супольнасць ад дырэктывы № 4 чакала значна большага. Дырэктыву па лібералізацыі ўжо паспелі назваць «здзекам» і «дакументам учорашняга дня».

Так, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін заявіў, што для паўнавартаснай лібералізацыі беларускай эканомікі неабходна адмяніць абавязковае ліцэнзаванне 30 — 35 відаў дзейнасці, а не 16, як гэта прапаноўвае дырэктыва. Тым больш, што новаўвядзенне не будзе тычыцца сферы юрыдычных паслуг і сферы прамысловасці.

У сувязі з гэтым беларускія дзелавыя колы працягваюць настойваць на спрашчэнні сферы падаткаабкладання і на скарачэнні ліцэнзійных працэдураў. Так, прадпрымальнікі прапаноўваюць пакінуць толькі тыя ліцэнзіі, дзе дзейнасць прадпрымальнікаў можа пагражаць жыццю і бяспецы грамадзян, а таксама нацыянальнай бяспецы дзяржавы.

Как вам новость?