Дырэктыву аб лібералізацыі эканомікі пададуць на разгляд Лукашэнку 1 верасня

01.09.2010 14:12
Архив Редакция

Урад Беларусі плануе 1 верасня падаць на разгляд прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі праект дырэктывы № 4 аб мерах па далейшай лібералізацыі эканомікі і разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы. Па словах чыноўнікаў, у дакуменце "замацавана палітычная воля дзяржавы да развіцця малога і сярэдняга бізнэсу".

«Па сутнасці, закладзеныя ў праект дырэктывы палажэння цалкам і канцэптуальна як бы ўзятыя з таго, што напрацоўвалася экспертнай эканамічнай грамадскасцю і апазіцыйнымі сіламі. Калі б я не ведаў, што праект дырэктывы № 4 падрыхтавала мінэканомікі, то падумаў бы, што ён створаны незалежнымі эканамістамі. Меры, якія ім прадугледжваюцца, сапраўды з’яўляюцца актуальнымі», — расказаў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Некаторыя незалежныя эксперты лічаць, што лібералізацыя бізнэсу — вымушаная мера ва ўмовах, калі Беларусі востра не хапае грошай, перадае Газета.Ru. Па словах Станіслава Багданкевіча, прыбытковасць беларускай эканомікі ў цяперашні час вельмі нізкая.

«Няма паступленняў у бюджэт у той ступені, у якой гэта меркавалася. Урад прапануе не змяніць бюджэт, а павялічыць яго дэфіцыт. Гэта значыць, што расходная частка застаецца ў зацверджаных сумах, а даходы не паступаюць», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч.

Такое ж меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў. Па яго словах, прыбыткі бюджэту за першае паўгоддзе 2010 года склалі 42-43%, то бок паступленне сродкаў у дзяржбюджэт адстае ад плана. «Ужо за першыя сем месяцаў дэфіцыт бюджэту склаў 3,1%, а год таму ён складаў 0,1%, то бок сёлета бюджэт выконваецца з вялікім напружаннем», — растлумачыў эксперт.

Эксперт: перад выбарамі складана стрымаць выдаткі бюджэту

Акрамя таго, Леанід Злотнікаў адзначыў, што ў перадвыбарчы час выдаткі бюджэту вельмі цяжка стрымаць па палітычных прычынах. «Трэба падтрымліваць прадпрыемствы з пункту гледжання выплаты заробку. Вельмі важныя сацыяльныя праграмы. У гэтым годзе вялікае фінансаванне жыллёвага будаўніцтва. Яно на 70% падтрымліваецца крэдытамі банкаў, прычым больш за палову гэтых крэдытаў ільготныя — значыць, адзін трыльён дзяржава павінна выплаціць банкам у форме кампенсацыі па адсотках», — цытуе эксперта БелаПАН.

У такой сітуацыі, на думку некаторых экспертаў, рэалізацыя новай стратэгіі можа дапамагчы аздаравіць беларускую эканоміку. Так, па разліках прадпрымальнікаў, адно толькі зняцце абмежаванняў па найме супрацоўнікаў, прадугледжанае ў новым дакуменце, дазволіць на 5% павялічыць даходнасць бюджэту і на працягу года забяспечыць працай у гандлі і сферы паслуг каля 65 тыс. чалавек.

Тым не менш, палітолаг Аляксандр Фядута адзначае, што нават калі прэзідэнт падпіша дырэктыву цяпер, яна ўсё роўна не пачне дзейнічаць раней за наступны год. «Лукашэнка разумее, што, калі лібералізацыя пачнецца, яна будзе насіць незваротны характар. Да прэзідэнцкіх выбараў не будзе ніякіх рашучых крокаў. Дастаткова ўжо той простай прычыны, што ўлада не захоча страціць кантролю над фінансавымі патокамі ў перыяд выбарчай кампаніі», — растлумачыў эксперт.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у дадзеным праекце закону аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве будуць вызначаны мэты, задачы, прынцыпы, сферы прымянення партнёрства, паўнамоцтвы дзяржаўных органаў, адказнасць бакоў, парадак вырашэння спрэчак і іншыя аспекты гэтага пытання.

Акрамя ўсяго іншага, суб’ектам гаспадарання з колькасцю супрацоўнікаў да 100 чалавек дадуць магчымасць перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання, а таксама ўвядуць мараторы на праверку дзейнасці прадпрыемства ў першыя пяць гадоў яго працы.

Как вам новость?
Головоломки