Для крэдыту на аднапакаёвую кватэру мінчукі павінны зарабляць 7,5 млн рублёў

20.06.2011 15:34
Архив Редакция

У двух дамах, якія будуюцца па вул. Дзянісаўскай ў Мінску, цана аднапакаёвай кватэры плошчай 43,5 квадратнага метра для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, складае 228 млн рублёў, для астатніх — 272 млн рублёў. Для атрымання крэдыту на будаўніцтва такой кватэры "афіцыйны прыбытак павінен быць большы за 7,5 млн, максімальны штомесячны плацёж па крэдыце будзе 3,7 млн", паведамілі ў "Беларусбанку".

Тым, хто мае патрэбу,  за двухпакаёвую кватэру плошчай ад 64,4 квадратнага метра прыйдзецца заплаціць 338 млн рублёў, астатнім — 402,5 млн рублёў. Цана ж аднаго квадратнага метра, выстаўленая 17 чэрвеня дзяржзабудоўшчыкам УКБ Ленінскага раёна Мінску, складае 5,25 млн  рублёў для маючых патрэбу і 6,251 млн для
астатніх, паведамляе «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Пачатак продажаў каля 180 жадаючых чакалі з 15 лістапада 2010 года, пры гэтым штодня на працягу сямі месяцаў два разы на дзень раніцай і ўвечары збіраліся для пераклічкі. «За час чакання нам называлі некалькі коштаў. Спачатку казалі аб 3,26 млн, потым аб 3,8… Па нашых звестках, праектная дэкларацыя ўжо была гатовая два тыдні таму, але яе адклікалі з друку, і там, здаецца, цана для маючых патрэбу была 4,113 млн, і для астатніх амаль 6 млн. І вось на табе: больш за 5 млн», — заяўляюць чаргавікі.

«Са 180-ці чалавек толькі 20 папрасілі выкрэсліць іх са спісу. Астатнія будуць пісаць заявы з просьбай заключыць з імі дагаворы долевага будаўніцтва. Большасць — на ўсялякі выпадак, каб быў час падумаць, дзе столькі грошай узяць?», — зазначыла жанчына з чаргі.

Павысіў цэны за квадратны метр і забудоўшчык «МЖК горада Мінску» — 1,1 млн рублёў

«Дом ствараўся для маладых сем’яў. Падкупіла назва арганізацыі: МЖК перакладаецца як моладзевы жыллёвы кааператыў. Дом будуюць 21-павярховы, па вуліцы Шафарнянская, у мікрараёне Уручча-6. Я заключаў дамову ў красавіку, у дамове кошт стаяў квадратнага метра 3,69 млн. У траўні цана паднялася да 3,8 млн — але гэта вытлумачальна — будаўніцтва даражэла, дзяржава дазваляла трохі павысіць кошт», — распавёў адзін з дольшчыкаў.

«У чэрвені прыходжу за даведкай для аплаты (яна штомесячная) і бачу, што кошт пералічылі. І кошт аднаго квадратнага метра ўжо 4,929 млн рублёў. У маім выпадку кошт кватэры павялічыўся адразу на 120 мільёнаў! Зразумела, што будаўніцтва даражэе, але не такімі ж тэмпамі! Мы папрасілі эканамічна абгрунтаваны разлік, пакуль адказу не атрымалі», — канстатаваў дольшчык.

Как вам новость?
Головоломки