ДМК: кантроль тавараў на мяжы з Расіяй адменяць з 1 ліпеня 2011 года

14.10.2010 12:04
Архив Редакция

З 1 ліпеня 2011 года на беларуска-расійскай мяжы будзе цалкам зняты мытны кантроль у адносінах да пэўнага спісу тавараў. Пра гэта 14 кастрычніка паведаміў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Уладзімір Гошын. Паводле яго слоў, цяпер у адпаведнасці з пратаколам выняткаў кантралюецца толькі вузкі пералік тавараў.

«У нас пакуль не ўніфікаваныя тавары, у адносiнах да якiх прымяняюцца ахоўныя меры. У Беларусі гэта 3 тавары, у Расіі — каля 50. Функцыі расійскіх мытнікаў заключаюцца ў тым, каб праверыць, ці не перамяшчаюцца гэтыя тавары, стаўкі абарончых пошлін на якія пакуль не ўніфікаваны ў Мытным саюзе. Гэта іх адзіная функцыя на беларуска-расійскай мяжы», — паведаміў Уладзімір Гошын.

Разам з тым, прадстаўнік ДМК заявіў, што сёння ўжо можна казаць пра вынікі дзеяння Мытнага кодэксу Мытнага саюза. З дня яго ўступлення ў законную сілу прайшло ўжо 100 дзён. Па звестках ДМК Беларусі, за гэты час таваразварот паміж краінамі павялічыўся на 25-30%, перадае БелТА.

«Ёсць упэўненасць, што краіны выйдуць на ўзровень таваразвароту дакрызіснага 2008 года. Адмененае афармленне любых тавараў, якія перамяшчаюцца па тэрыторыі Мытнага саюза. Засталося адрэгуляваць яшчэ некалькі дакументаў, якія тычацца мытных пытанняў. Таксама цяпер ідзе праца з Казахстанам па ўрэгуляванні асобных пытанняў у мытнай сферы», — паведаміў Уладзімір Гошын.

Краіны Мытнага саюза падпішуць пагадненне аб макраэканамічнай палітыцы

У той жа час, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын заявіў, што ў найбліжэйшы час Беларусь, Казахстан і Расія могуць падпісаць пагадненне аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы, перадае РБК.

«У адпаведнасці з пагадненнем будзем на рэгулярнай аснове абмяркоўваць асноўныя параметры макраэканамічнай і бюджэтнай палітыкі трох краін, выпрацоўваць сумесныя падыходы да правядзення эканамічных рэформаў і забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці», — адзначыў Аляксей Кудрын.

Как вам новость?