ДМК патрабуе больш жорстка караць за хабар мытнікам

04.06.2010 10:11
Архив Редакция

Дзяржаўны мытны камітэт выступіў з ініцыятывай зрабіць больш жорсткім пакаранне за спробы дачы хабару супрацоўнікам мытні. На думку кіраўніцтва ДМК, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і накладанне штрафаў за хабар ў памеры ад 20 да 40 базавых велічынь дазволіць "павысіць прафілактычнае ўздзеянне і ліквідаваць перадумовы карупцыйных праяваў".

Мытны камітэт таксама звяртае ўвагу грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу, на недапушчальнасць старонніх укладанняў ў дакументах, неабходных для праходжання мытнага кантролю. «Выяўленне грашовых сродкаў у гэтых дакументах можа быць расцэнена як спроба подкупу службовай асобы», — папярэдзілі ў ведамстве.

У ДМК таксама распавялі, што па фактах злоўжыванняў, вымагальніцтва і некарэктных паводзінаў з боку службовых асобаў мытных органаў грамадзяне могуць звярнуцца па тэлефоне даверу ведамства +375 17 2189292.

ДМК: з пачатку года мытнікам спрабавалі даць хабар 102 разы

У камітэце праінфармавалі, што за пяць месяцаў гэтага года мытнікі спынілі 102 спробы дачы хабару з боку як фізічных асобаў, так і прадпрымальнікаў. пры гэтым столькі ж разоў грамадзяне спрабавалі даць хабар мытнікам за ўвесь мінулы год. А ўжо ў гэтым годзе па фактах подкупу супрацоўнікаў мытні было ўзбуджана 4 крымінальныя справы.

«Як правіла, асобы, якія перадавалі грашовыя сродкі ў дакументах супрацоўнікам мытні, падчас афіцыйнага разбіральніцтва мяняюць свае першапачатковыя тлумачэнні і спасылаюцца на тое, што грошы ў дакументы трапілі выпадкова, альбо яны прызначаныя для выплаты мытных плацяжоў. У асноўным прадметам грашовай узнагароды выступае сума ў эквіваленце ад 5 да 20 даляраў», — распавялі ў ДМК.

У Мытным камітэце з гэтай нагоды адзначылі, што пры разглядзе дадзенай катэгорыі спраў органы пракуратуры ў шэрагу выпадкаў выносяць пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сілу малазначнасці зробленага альбо за адсутнасцю саставу злачынства.

Как вам новость?
Головоломки