ДМК: Расія не выконвае ўмовы па пастаўках нафтапрадуктаў

05.03.2010 17:23
Архив Редакция

Намначальніка кіравання арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Наталля Рынкевіч заявіла, што расійскі бок зацягвае выкананне шэрагу дамоўленасцяў, дасягнутых у выніку перамоў 27 студзеня 2010 года ў Маскве пра ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь.

“Нягледзячы на дасягнутыя дамоўленасці, пытанне адмены збірання мытных пошлін пры пастаўках нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь па стане на пятага сакавіка 2010 гда не вырашана. Адпаведнае ўказанне ФМС Расіі не адменена”, — адзначыла Наталля Рынкевіч.

Па словах намначальніка кіравання, блакаванне рашэння гэтага пытання не толькі супярэчыць двухбаковым дамоўленасцям, але і цягне за сабой істотныя эканамічныя страты для суб’ектаў гаспадарання краін.

“Ужыванне мытных пошлін на прадукты нафтаперапрацоўкі (параксілол, тэхнічны парафін, бензол, артаксілол і інш.) фактычна азначае спыненне іх паставак на нафтахімічныя прадпрыемствы”, — падкрэсліла прадстаўніца Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Наталля Рынкевіч падкрэсліла, што беларускі бок не бачыць прававых падстаў для збірання мытных пошлін у дачыненні расійскіх нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў рэспубліку, і патрабуе іх адмены, паведамляе БелТА.

Намначальніка кіравання арганізацыі мытнага кантролю ДМК нагадала, што адначасова з падпісаннем 27 студзеня віцэ-прэм’ерамі Беларусі і Расіі Ўладзімірам Сямашкам і Ігарам Сечыным пратаколу па ўмовах паставак нафты бакамі таксама быў падпісаны пратакол перамоў, які выразна зафіксаваў абавязкі расійскага боку ўрэгуляваць у лютым 2010 года пытанні, што тычацца бязмытных паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь. “Аднак дагэтуль ніякіх рашэнняў расійскім бокам не прынята”, — падкрэсліла Наталля Рынкевіч.
 

Как вам новость?