ДМК: увезенае аўто трэба паставіць на ўлік да першага ліпеня

28.06.2011 17:34
Архив

У Дзяржаўным мытным камітэце паведамілі 28 чэрвеня, што "за бясцэнак" растаможаны ўвезены ў краіну аўтамабіль неабходна паставіць на ўлік у ДАІ да 1 ліпеня. У адваротным выпадку аўтаўладальніку давядзецца плаціць пошліну за аўто ўжо па новых правілах.

У ведамстве патлумачылі, што з 1 ліпеня 2011 года мытныя пошліны ў дачыненні да аўтамабіляў, што ўвозяцца грамадзянамі, будуць вылічацца па стаўках, прыведзеных у дадатку 5 да Пагаднення аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання праз мытную мяжу Мытнага саюза і здзяйснення мытных аперацый, звязаных з іх выпускам ад 18 чэрвеня 2010 года (з дадаткам 5 да Пагаднення можна азнаёміцца тут).

Калі пасажырская мытная дэкларацыя ў дачыненні да увезенага аўтамабіля, запоўненая грамадзянінам, пададзена і зарэгістравана службовай асобай мытні да 1 ліпеня 2011 года, мытнае афармленне такіх аўтамабіляў будзе здзейснена па стаўках, што дзейнічаюць у цяперашні час (са стаўкамі, якія дзейнічаюць да 1 ліпеня 2011 года можна азнаёміцца тут).

Калі пасажырская мытная дэкларацыя будзе пададзеная і зарэгістраваная ў мытным органе 1 ліпеня ці пазней, то незалежна ад даты ўвозу такога транспартнага сродку, мытнае афармленне аўтамабіля будзе здзейснена па стаўках, прадугледжаных пагадненнем.

Для таго, каб усе жадаючыя паспелі аформіць набытыя за мяжой аўтамабілі па дзейных сёння стаўках мытных плацяжоў мытныя органы да 1 ліпеня працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

З пералікам пунктаў мытнага афармлення, у якіх да 1 ліпеня зменены час працы мытных органаў, можна азнаёміцца тут.