Доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ прыбудуць у Беларусь 17 лістапада

15.11.2010 16:28
Архив

Доўгатэрміновыя назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) прыбудуць у Беларусь у сераду, 17 лістапада. Пра гэта 15 лістапада паведаміў кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі амбасадар Герт Арэнс. "У пятніцу яны зоймуць свае назіральныя пасты па ўсёй краіне", - адзначыў ён.

Паводле слоў пасла, у склад мінскай ключавой каманды місіі па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі БДІПЧ АБСЕ ўвайшлі прадстаўнікі з Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Грузіі, Украіны і іншых краінаў. «У час нашай місіі мы будзем сустракацца з кандыдатамі, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, СМІ, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі», — распавёў Герт Арэнс, перадае БелТА.

Ён таксама паведаміў, што асноўны акцэнт місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ зробіць на тым, каб сачыць за практычнай рэалізацыяй зменаў у выбарчым заканадаўстве Беларусі. «Па выніках выбараў у Беларусі ў 2008 годзе мы рэкамендавалі ўнесці некаторыя змены ў выбарчае заканадаўства Беларусі. Асноўная мэта цяперашняй місіі — рэалізацыя гэтых зменаў на практыцы», — заявіў амбасадар.

Папярэдняя справаздача АБСЕ з’явіцца на наступны дзень пасля выбараў

Герт Арэнс таксама паведаміў, што выніковую справаздачу па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі місія БДІПЧ АБСЕ зробіць па той жа схеме, што і на папярэдніх выбарах, праз восем тыдняў пасля іх завяршэння, перадае БелаПАН.

Тым не менш, папярэднія заключэнні і высновы місія апублікуе ўжо на наступны дзень пасля заканчэння галасавання. Акрамя таго, місія БДІПЧ АБСЕ мае намер зрабіць дзве прамежкавыя справаздачы аб назіранні. Першая з іх будзе прысвечана вынікам фармавання выбарчых камісій, паведаміў пасол.

Паводле яго слоў, частка членаў місіі застанецца ў Беларусі пасля выбараў на працягу тыдня, некаторыя задтрымаюцца яшчэ надаўжэй.

«Мы будзем вельмі старанна выконваць нашу працу, выказвацца заўсёды далікатна і ўказваць толькі на тыя моманты, на якія ў нас ёсць пацверджанні. Маё адзінае жаданне, каб у справаздачы пасля выбараў я напісаў, што выбары былі праведзеныя з тымі абавязацельствамі, якія ўзяла на сябе Беларусь», — заявіў Герт Арэнс.

Як раней паведамляў Тэлеграф, АБСЕ плануе накіраваць у Беларусь 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць сачыць за правядзеннем выбарчай кампаніі па ўсёй краіне. Акрамя таго, тэхнічная камісія рэкамендуе накіраваць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія будуць сачыць за працэсам галасавання непасрэдна ў дзень выбараў, а таксама назіраць за падлікам галасоў і запаўненнем пратаколаў выбарчымі камісіямі.