Домрачава заняла другое месца ў спрынце ў Халменколене

18.03.2010 15:32
Архив Редакция

Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава заняла другое месца ў спрынтарскай гонцы на 7,5 км на этапе Кубка свету, які стартаваў 18 сакавіка ў нарвежскім Халменколене. На дзвюх агнявых межах беларуска не дапусціла ніводнага промаху, саступіўшы пераможцу Сымоне Хаўсвальд з Нямеччыны, якая таксама была бездакорная ў стральбе, толькі 4,9 сек. Час пераможцы — 20 хв.42,4 сек.

У цяперашнім сезоне Дар’я Домрачава ўжо ў пяты раз узнялася на п’едэстал. На папярэднім этапе Кубка свету ў фінскім Кантыялахці яна двойчы заняла першае месца (у спрынце і пераследзе), на этапе Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе стала трэцяй у індывідуальнай гонцы. І ў гэтай жа дысцыпліне заваявала бронзавы медаль на Алімпіядзе ў Ванкуверы.

Бронзавым прызёрам у Халменколене стала Анна Карын Олафсан-Зідэк са Швецыі, якая страляла без промахаў і саступіла пераможцу 14,4 сек., паведамляе БелТА.

Лепшы асабісты вынік у кар’еры паказала беларуска Людміла Калінчык. Не дапусціўшы ніводнай прамашкі, яна заняла пятае месца, адстаўшы ад пераможцы на 39 сек. Самым высокім дасягненнем Калінчык было дзявятае месца ў індывідуальнай гонцы на Алімпіядзе ў Ванкуверы.

Беларуска Надзея Скарддзіна (без промахаў) заняла 29-е месца (+1 хв.43,9 сек.), Вольга Кудрашова стала 47-й (1 промах, +2 хв.24.6 сек.), Ала Толкач (3 промахі, +3 хв.19,8 сек. ) паказала 69-ы вынік. Вольга Назарава на старт не выйшла. Усяго ў гонцы выступалі 89 удзельніц.

Сёння ў Халменколене адбудзецца таксама мужчынская спрынтарская гонка на 10 км, на якую заяўлены беларускія біятланісты Сяргей Новікаў (стартавы нумар 3), Рустам Валіулін (35), Аляксандр Сыман (56), Міхаіл Сямёнаў (61) і Уладзімір Чапелін (103).

Как вам новость?
Головоломки