Два фігуранты "справы 19 снежня" жэняцца за кратамі

22.06.2011 17:32
Архив

Асуджаныя па справе аб масавых беспарадках Павел Вінаградаў і Дзмітры Буланаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, вырашылі ажаніцца да заканчэння турэмнага тэрміну. Так, у Вінаградава вяселле запланавана праз месяц, Буланаў таксама ўгаворвае сваю нявесту заключыць шлюб у калоніі.

Як распавяла нявеста Паўла Вінаградава Святлана Гарохавік, рашэнне наблізіць дату вяселля маладыя людзі прынялі, паколькі статус жонкі дазволіць дзяўчыне атрымаць права на спатканні з мужам.

«Іду на гэты крок свядома, бо Павел — вельмі блізкі мне чалавек, мы ўжо два гады жывем разам. І цяпер склалася такая сітуацыя, што мы не можам сустракацца, бачыцца. І таму, каб мець магчымасць гэтых сустрэч, мы вырашылі ажаніцца цяпер» , — цытуе яе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Павел Виноградов-1.jpgПаўла Вінаградава асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі

Як ужо перадаваў Тэлеграф, актывісту грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Паўлу Вінаградаву 11 студзеня прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Суддзя Кастрычніцкага суду Мінску Ала Булаш 5 траўня прысудзіла да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За шэсць месяцаў, пакуль ішло следства і малады чалавек знаходзіўся ў СІЗА, Святлана Гарохавік бачыла Паўла некалькі разоў. Аднак цяпер ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, дзе спатканні з нявестай не дазваляюцца.

Светлана Гороховик.jpgСвятлана гатовая ўзяць шлюб з Паўлам ў калоніі

Таму Святлана Гарохавік паслала ў калонію запыт аб шлюбе. Кіраўніцтва папраўчай установы адказала, што само прызначыць дату шлюбу, паколькі такія цырымоніі праходзіць раз на месяц-два і адразу для некалькіх параў. «Мне прыйшоў афіцыйны ліст з калоніі, як грамадзянскай жонцы. Калі пажэнімся — то будуць дазволеныя тры доўгатэрміновыя спатканні на год і тры ці чатыры непрацяглыя», — удакладніла дзяўчына.

На само вяселле маладыя людзі атрымаюць дадатковае трохдзённае спатканне.

Нявеста Вінаградава: у калоніі не дазволяць насіць заручальны пярсцёнак

Адміністрацыя калоніі дазваляе выкарыстоўваць на цырымоніі заключэння шлюбу заручальныя пярсцёнкі і вясельныя ўборы. Як паведаміла Святлана, пярсцёнкі яна ўжо шукае, але апранаць белую сукенку лічыць недарэчным.

«Пярсцёнкі можна будзе пранесці, але нельга будзе іх там пакінуць — я павінна забраць з сабой. Колькі гасцей можна, я яшчэ буду даведвацца. Але я ведаю, што бацькам можна дакладна. І, напэўна, сведак можна запрасіць», — адзначыла дзяўчына.

Дазваляецца арганізаваць і святочнае застолле, дадала яна. «Можна везці з сабой на тры дні любую ежу. Але ён яе таксама не зможа вынесці з сабой у калонію», — паведаміла Святлана Гарохавік.

Аб тым, што абвінавачванні ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках прад’явілі Дзмітрыю Буланаву, стала вядома 27 студзеня. Суддзя Ленінскага раёна Мінску Людміла Грачова 26 траўня прысудзіла маладога чалавека да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За апошнія шэсць месяцаў ён бачыў сваю нявесту Надзею Макарэвіч толькі два разы — падчас судовага працэсу і пасля вынясення прысуду. Цяпер Дзмітры знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі.
Дмитрий Буланов и Надежда Макаревич.jpg«Мы два гады жылі разам. Планавалі, вядома, ажаніцца — але, магчыма, яшчэ праз некалькі гадоў. Такога жадання моцнага ажаніцца не было, проста жылі», — кажа Надзея Макарэвіч.

Нявеста Буланава: суддзя сказала мне: «Вы — ніхто!»

Суддзя не дазволіла ёй ні аднаго спаткання з каханым чалавекам — нават для таго, каб абмеркаваць, ці варта ўступаць у шлюб за кратамі. «У нас інстытута грамадзянскай жонкі не існуе» — гэта мне сказала асабіста ў твар суддзя, да якой я прыходзіла прасіць спаткання. Я да яе прыйшла і па-чалавечы патлумачыла сітуацыю — што я нявеста, і нам трэба вырашыць пытанне з Дзімам, ажаніцца ці не. Яна кажа: «У вас у заяве пазначана «грамадзянская жонка». Грамадзянская жонка — гэта хто? Ніхто. Вы — ніхто! І я вам спаткання ніколі не дам», — распавяла дзяўчына.

У сваім апошнім слове на судовым працэсе Дзмітры Буланаў прызнаўся Надзеі ў каханні і зрабіў ёй прапанову. Аднак дзяўчына лічыць, што зарэгістраваць шлюб у калоніі азначае даць сябе зламаць.

«Дзіма мне адразу прапаноўваў жаніцца, ён яшчэ на судзе намякнуў на гэта. У сваім апошнім слове замест апраўданняў перад гэтымі людзьмі, ён прызнаўся мне ў каханні ў чарговы раз і прапанаваў: «Я спадзяюся, з грамадзянскай жонкі ты хутка станеш маёй сапраўднай жонкай». Вядома, спачатку я думала, што варта распісацца. Але потым зразумела: мала таго, што яны яго пасадзілі ні за што, спрабуюць загубіць яго здароўе — дык цяпер яны яшчэ і нашае асабістае жыццё спрабуюць пакласці пад гэтую сістэму, каб мы ва ўсіх ракурсах скакалі пад іх дудку!» — заўважыла яна.

Апошнія два месяцы Зміцер і Надзея абмяркоўваюць пытанне вяселля ў лістах. «Пасля суду гэтае пытанне паўстае ўвесь час. Дзіма гэтага хоча — ён расцэньвае гэта як допуск на спатканні. Аднак ён адначасова ведае, што мне гэта не вельмі падабаецца. Ён не хоча, каб я праходзіла гэтыя зневажальныя ператрусы, якія на зонах праводзяць над жонкамі зняволеных перад доўгатэрміновым спатканнем — так званы «асабісты поўны дагляд». Я яго пераконваю пачакаць яшчэ нейкі час. Нам не давалі бачыцца шэсць месяцаў. Я вытрымала гэтыя шэсць месяцаў. І вытрымаю яшчэ, каб захаваць чалавечую годнасць», — заявіла дзяўчына.

Надзея спадзяецца, што ўдзельнікі «справы 19 снежня» хутка выйдуць на свабоду

Акрамя таго, яна спадзяецца, што ўсіх фігурантаў «справы 19 снежня» бліжэйшым часам вызваляць, таму згуляць вяселле можна будзе ўжо на волі. Аднак, кажа Надзея Макарэвіч, калі Дзмітры будзе настойваць на заключэнні шлюбу ў калоніі, яна гатовая пайсці на гэта.

Аднак і ў гэтым выпадку ніякай вясельнай цырымоніі на тэрыторыі і калоніі Надзея не плануе. «Калі будзем ставіць штамп — то толькі па пошце, такі варыянт магчымы. Без цырымоній, сведак, тартоў, сукенак і астатняга. Гэта не вяселле — гэта проста паперка, якая дае мне пропуск на зону. Мы плануем у любым выпадку наладзіць нармальнае вяселле пасля таго, як ён выйдзе», — патлумачыла яна.

Суддзя Людміла Грачова асудзіла семярых удзельнікаў «справы 19 снежня». Яна таксама вядомая тым, што вынесла самыя жорсткія прысуды па гэтай справе, прысудзіўшы экс-кандыдатаў у прэзідэнты Дзмітрыя Уса і Мікалая Статкевіча да пяці з паловай і шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза 20 чэрвеня ўключыў суддзю Людмілу Грачову ў спіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх дзейнічаюць эканамічныя і візавыя санкцыі.

Фота euroradio.by