Два фігуранты справы Аўтуховіча патрапяць пад амністыю

15.07.2010 11:50
Архив Редакция

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Уладзімір Асіпенка і Міхаіл Казлоў, асуджаныя ў траўні 2010 года па справе Мікалая Аўтуховіча, неўзабаве выйдуць на свабоду па амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі, якая нядаўна ўступіла ў сілу. Сам Мікалай Аўтуховіч пад амністыю не патрапіць. Пра гэта паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка.

Паводле паведамлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі, у папраўчых калоніях ўжо пачалі ствараць адміністрацыйныя камісіі, якія будуць прымаць рашэнні аб вызваленні некаторых зняволеных.

У Івацэвіцкай калоніі, дзе адбывае пакаранне Уладзімір Асіпенка, ужо пачалі рыхтавацца да амністыі. Па словах адваката асуджанага Тамары Сідарэнка, Уладзімір Асіпенка рыхтуецца выйсці. Аднак пытанне аб тым, калі зняволены зможа выйсці на свабоду, залежыць ад рашэння адміністрацыі.
 
Ва Уладзіміра Асіпенкі засталася магчымасць накіраваць наглядную скаргу на вынесены прысуд, і пасля выхаду на волю ён яшчэ можа ёю скарыстацца. «Магчыма, ён будзе абскарджваць прысуд. Бо абвінавачанне ў захоўванні зброі, якой ён ніколі не бачыў, мяркую, прыцягнута за вушы», — сказала Тамара Сідарэнка.

Што тычыцца Міхаіла Казлова, які адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3» пад Віцебскам, амністыя ў любым выпадку адаб’ецца на яго лёс. Па словах ягонага адваката Барыса Ляскоўскага, асуджаны падпадае пад артыкул аб скарачэнні тэрміну пакарання на адзін год. «Я звярнуўся ў суд па даведку аб тым, што ў яго няма парушэнняў, запазычанасцяў і іскаў. Чакаю, калі мне выдадуць гэтую даведку, і адпраўлю яе ў калонію», — паведаміў адвакат.

Ляскоўскі: пасля 8 жніўня Казлоў будзе на свабодзе

«Калі амністыю да Міхаіла Казлова ўжывуць да 8 жніўня, то ён зможа выйсці ўмоўна-датэрмінова яшчэ раней. Калі ж амністыю ўжывуць пасля 8 жніўня, то адразу пасля прымянення амністыі ён выйдзе на волю», — растлумачыў Барыс Ляскоўскі.

Мікалай Аўтуховіч не падпадае пад амністыю ў сілу таго, што ён яшчэ не адбыў тэрмін свайго папярэдняга пакарання, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

У выніку амністыі з турмаў, калоній і так званай «хіміі» выйдзе больш за тры тысячы чалавек, тэрмін пазбаўлення волі скароцяць прыкладна дзесяці тысячам вязняў, распавёў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Усяго ў Беларусі адбываюць пакаранне ў розным выглядзе каля 50 тыс. чалавек.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Вярхоўны суд Беларусі шостага траўня абвясціў прысуды па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Суд асудзіў Мікалая Аўтуховіча на пяць гадоў і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а Уладзіміра Асіпенку — на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.