Двое невядомых у масках вынеслі з мінскай кавярні 32 млн. рублёў

03.08.2010 17:25
Архив Редакция

Двое невядомых у масках ноччу 2 жніўня абрабавалі кафэ-бар у Цэнтральным раёне Мінску. Пра гэта паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама. Злачынцы з лёгкасцю ўзламалі сейф і выкралі з яго больш за 32 млн. рублёў.

Пра рабунак ў міліцыю паведаміў 21-гадовы ахоўнік кафэ-бара. Ён распавёў, што ў 02:00 двое невядомых праніклі ў кавярню праз веранду і звязалі яго скотчам. Затым злачынцы ўзламалі сейф і выкралі ўсю выручку, якая там захоўвалася. Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, злачынцам не склала цяжкасці ўзламаць сейф, бо ён уяўляў сабой простую канструкцыю.

У следчым аддзеле папярэдняга расследавання Цэнтральнага РУУС распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 206 КК Беларусі (рабункі). Цяпер супрацоўнікі міліцыі праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па выяўленні асобаў, датычных да гэтага злачынства.

У цяперашні момант вядома, што рабаўнікі былі ў масках і камуфляжных касцюмах і дзейнічалі ў пальчатках. Дэталі здарэння (у тым ліку тое, якім спосабам злачынцы праніклі ў памяшканне і як дзейнічалі ўнутры) канчаткова трэба ўсталяваць следству.

Як паведамляе прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама, калі б дадзеная кавярня была абсталяваны сістэмай відэаназірання, гэта б значна паскорыла працэс выяўлення злачынцаў. У гэтым выпадку яны не засталіся б па-за аб’ектывамі камераў. У сваю чаргу ўстаноўка сродкаў трывожнай сігналізацыі ў памяшканнях магла б і наогул прадухіліць дадзенае злачынства.

Как вам новость?