Дзеля бяспекі Лукашэнкі збілі 52-гадовую жанчыну

19.08.2010 08:52
Архив Редакция

Супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы збілі ва ўласнай кватэры 52-гадовую мінчанку, выкладчыцу аднаго са сталічных ВНУ, якая жыве ў мікрараёне "Вяснянка". Жанчына адмовілася закрыць у анамальна гарачае надвор'е форткі ў кватэры падчас наведвання прэзідэнтам Беларусі футбольнага манежа, дзе ён займаўся спортам.

Па словах 52-гадовай пацярпелай, 8 жніўня людзі ў цывільным патэлефанавалі да яе ў дзверы і загадалі зачыніць вокны. «У адказ на пытанне, па якой прычыне я павінна гэта зрабіць, я пачула толькі два словы «матч» і «прэзідэнт». Як гэтыя паняцці павінны тлумачыць адно аднаго, і тую акалічнасць, што я павінна задыхацца ва ўласнай кватэры, мне так і не патлумачылі. Тым больш, што з акна маёй кватэры, якая размешчана на трэцім паверсе, зусім не відаць футбольнага манежа: адсюль адкрываецца панарама на зялёную зону», — распавяла жанчына.

Жыхарка сталіцы адмовілася зачыняць вокны. Калі сітуацыя паўтарылася 14 жніўня, яна зноў адмовілася зачыняць форткі, перадае «Беларускі партызан».

«14 жніўня ў 16:30 у нашым доме пачаўся «абыход» з патрабаваннем закрываць вокны і форткі. Людзі зусім не кінуліся выконваць гэтае ўказанне — гэта проста немагчыма ў такую вар’яцкую спякоту! Тады недзе праз гадзіну ў нашым двары з’явіўся пад’ёмнік МНС — як быццам бы ім больш няма чым заняцца і больш няма куды дзяваць сродкі падаткаплацельшчыкаў! — і людзі ў цывільным пачалі залазіць у форткі кватэр і самавольна закрываць іх», — паведаміла жанчына.

Па словах жыхаркі мікрараёна «Вяснянка», пасля таго як яна не дазволіла закрыць фортку, у кватэру, выбіўшы дзверы, уварвалася сем супрацоўнікаў РУУС Цэнтральнага раёна. «Яны схапілі мяне, пачалі выкручваць рукі. Цяпер яны ўсе ў сіняках. Больш за тое, мне вывіхнулі сушчэп. Калі б не суседзі і іх госці, якія ўступіліся і сталі на мой бок, мяне, напэўна б, яшчэ і затрымалі і павезлі б у «засценкі» сваёй установы», — заявіла пацярпелая.

Калі жанчына пачала настойваць на тлумачэнні таго, што адбываецца, ёй адказалі, што прычынай з’яўляюцца «ахоўныя мерапрыемствы першай асобы дзяржавы». «І дзеля гэтага можна ўсё: уломвацца ў кватэры, збіваць жанчын! Дарэчы, мне яшчэ заявілі: «а гэта не ваша кватэра» — у мяне проста зямля з-пад ног сышла. Атрымліваецца, дзеля аховы «першай асобы» ў дзяржаве трэба пазбаўляць абароны і якіх-колечы правоў усіх астатніх грамадзян!», — абурылася пацярпелая.

Как вам новость?
Головоломки