Дзеля плану міліцыянты абвесцілі 16-гадовага школьніка наркадылерам

30.07.2010 14:16
Архив Редакция

У Віцебскім і Магілёўскім абласных судах разгледзелі справы былых супрацоўнікаў міліцыі, якія абвінавачваюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Дзеля перавыканання плану яны незаконна праводзілі аператыўныя эксперыменты, падраблялі пратаколы, подпісы, самі пісалі тлумачэнні панятых. Сярод ахвяраў дзеянняў міліцыянтаў аказаўся 16-гадовы школьнік Мішчанка, абвінавачаны ў гандлі наркотыкамі.

У 2005 годзе падлетак, які вёў асацыяльны лад жыцця і стаяў на ўліку ў міліцыі, за грашовае ўзнагароджанне абгаварыў Мішчанку, заявіўшы, што той гандляваў марыхуанай. Не знайшоўшы нічога ў кватэры школьніка, следчы правёў ператрус у пад’ездзе. «Ён выграб са шчытку нейкі пыл, сказаў, што гэта наркотыкі, засунуў усё ў пачак з-пад цыгарэтаў. Ніхто нічога не бачыў, а паказанні былі занесеныя ў пратакол», — заявіў старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Валеры Галай, перадае газета «Звязда».

Як расказаў памочнік пракурора, міліцыянт нават не меў права праводзіць ператрус у пад’ездзе, толькі ў кватэры. У выніку дзеянняў міліцыянтаў школьнік быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі.

Валеры Галай паведаміў, што з усіх незаконна асуджаных у выніку дзеянняў толькі Мішчанка і яшчэ адзін чалавек не займаліся наркотыкамі, астатнія ж былі ці наркаманамі, або наркагандлярамі. «Але ўсе мы ходзім пад Богам, калі закон і інструкцыі ёсць, іх трэба выконваць. Гэта не 1937-ы год, і трэба даказваць вінаватасць любога злачынца», — адзначыў памочнік пракурора.

Праверку дзеянняў міліцыянтаў пачало ўпраўленне КДБ па Віцебскай вобласці. У выніку ў красавіку 2009 года была ўзбуджаная крымінальная справа. За «злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі» і «загадзя ілжывыя паказанні» чатыром былым супрацоўнікам аддзелу ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёна Віцебску было прысуджана да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчых калоніях узмоцненага рэжыму. Таксама былі пакараныя службоўцы пракуратуры, якія дапусцілі перадачу незаконных спраў у суд. Акрамя таго, існуе верагоднасць, што да крымінальнай адказнасці будуць прыцягнутыя і іншыя праваахоўнікі.

Адной з галоўных прычынаў міліцэйскіх злоўжыванняў была неабходнасць перавыканання плану. У выпадку невыканання планавых паказчыкаў аператыўнікаў каралі дысцыплінарнымі спагнаннямі. Так, згодна з судовымі дакументамі, адзін з асуджаных міліцыянтаў «за недагляды ў агентурнай-аператыўнай працы і нізкія вынікі працы па лініі накркакантролю загадамі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама» караўся дысцыплінарна 31 жніўня і 9 лістапада 2007 года, 1 жніўня 2008 года.

Перавышэнне ж плану паскарае кар’ерны рост праваахоўнікаў. Так, адзін з асуджаных міліцыянтаў зрабіўся аператыўным упаўнаважаным па асабліва важных справах другога аддзелу ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі, другі — старшым аператыўным упаўнаважаным упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама, трэці — начальнікам аддзелу па наркакантролі АУС Кастрычніцкага раёна Віцебску.

Как вам новость?
Головоломки