Дзесяці сем'ям загінулых у мінскім метро выплацілі матэрыяльную дапамогу

10.05.2011 14:09
Архив Редакция

Старшыня камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту Жанна Рамановіч 10 траўня паведаміла, што дзесяць сем'яў загінулых у выніку выбуху ў метро 11 красавіка ўжо атрымалі матэрыяльную дапамогу. На дадзены момант у Мінгарвыканкаме ўжо праведзена тры паседжанні спецыяльнай камісіі па выплатах матдапамогі сем'ям пацярпелых.

Члены камісіі разгледзелі 13 заяваў, 12 з іх камісія вырашыла задаволіць. Па дзесяці заявах ўжо зроблены выплаты на агульную суму 350 млн. рублёў, перадае БелТА.

Як паведаміла Жанна Рамановіч, у Мінгарвыканкаме зарэгістравана 185 пісьмовых заяў, у тым ліку 18 — ад членаў сем’яў 14 загінулых і 167 — ад пацярпелых і іх сваякоў.

На тэлефонную лінію камісіі Мінгарвыканкама з нагоды аказання матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі, медыцынскага абслугоўвання, інфармацыйна-кансультацыйнай тэматыкі, а таксама бясплатнага аздараўлення або рэабілітацыі ахвяр тэракту ў Мінску паступіла 380 зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў.

Жанна Рамановіч таксама праінфармавала, што на 10 траўня ў лякарнях Мінску на стацыянарным лячэнні застаецца 47 пацярпелых. Усяго пасля выбуху ў паліклінікі горада звярнулася 169 чалавек, у прыёмных аддзяленнях лякарняў амбулаторна аказана дапамога 55 пацярпелым.

Прадстаўніца Мінгарвыканкама таксама паведаміла, што камітэт па працы, занятасці і сацабароне сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама ўжо падрыхтаваў план мерапрыемстваў, прымеркаваных саракавінам памяці ахвяраў выбуху.

Як паведамляў Тэлеграф, 11 красавіка 2011 года ў Мінску на станцыі метро «Кастрычніцкая» прагрымеў выбух. У выніку больш за 200 чалавек пацярпелі, 14 чалавек ад атрыманых траўмаў памерлі. Па факце выбуху распачалі крымінальную справу па артыкуле «Тэрарызм». Праваахоўныя органы затрымалі некалькіх падазраваных, двум з іх — жыхарам Віцебску — ужо прад’яўленыя абвінавачанні.

Как вам новость?
Головоломки