Мытня Беларусі пачала працаваць па новых правілах

07.07.2010 09:05
Архив Редакция

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі з шостага ліпеня пачаў працаваць па правілах, устаноўленых Мытным кодэксам Мытнага саюза, аднак радыкальных зменаў для суб'ектаў гаспадарання на мытні не адбылося. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні ДМК Беларусі Сяргей Барысюк. У той жа час фізасобы адчуюць на сабе ўступленне ў сілу Мытнага кодэксу.

Як адзначыў прадстаўнік мытнага ведамства, Беларусь ужо са студзеня гэтага года фактычна працавала па правілах Мытнага саюза, якія былі адлюстраваны ў нацыянальным заканадаўстве прыкладна на 70%, аднак цяпер усе гэтыя працэсы, працэдуры і тэхналогіі дзейнічаюць у рамках заканадаўства МС, перадае БелТА.

«Па вялікім рахунку ва ўмовах Мытнага саюза мы ўжо працуем з першага студзеня 2010 года, калі пачало дзейнічаць адзінае тарыфнае і нетарыфнае рэгуляванне», — растлумачыў Сяргей Барысюк.

Што змянілася на мытні з шостага ліпеня для фізасобаў

Разам з тым, па словах намесніка кіраўніка ДМК, галоўным чынам змены ў мытным афармленні ў сувязі з уступленнем у сілу Мытнага кодэкса Мытнага саюза закрануць увоз тавараў у Беларусь фізічнымі асобамі.

Так, з шостага ліпеня павышаюцца пошліны на ўвоз у Беларусь фізічнымі асобамі грузавых мікрааўтобусаў. Стаўкі мытных пошлінаў прыраўноўваюцца да дзеючых у адпаведнасці з адзіным мытным тарыфам і павялічацца ў параўнанні з ранейшымі ў два-тры разы ў залежнасці ад тэхнічных характарыстык транспартных сродкаў.

Таксама мяняюцца нормы бяспошліннага ўвозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання. З гэтага часу грамадзяне краіны змогуць увозіць у Беларусь замест 35 кілаграмаў тавараў на суму да тысячы еўра да 50 кілаграмаў на суму да 1,5 тыс. еўра. Усе тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь звыш устаноўленай нормы, будуць абкладацца мытнай пошлінай.

У той жа час беларусы не змогуць увозіць бяспошлінна непадзельныя тавары вагой больш за 35 кілаграмаў, да якіх адносяцца, напрыклад, лядоўні, пральныя машыны і іншая бытавая тэхніка.

Змяніліся з шостага ліпеня і нормы бяспошліннага ўвозу ў Беларусь алкаголю. Калі раней грамадзяне краіны маглі бесперашкодна ўвозіць з-за мяжы два літры моцных спіртных напояў і да 35 кілаграмаў піва, то цяпер дазваляецца ўвозіць толькі тры літры алкагольнай прадукцыі, прычым у гэтую норму ўключаецца і піва, паведамляе РИА «Новости».