Дзярждэп: наладзіць адносіны Беларусі і ЗША могуць дэмакратычныя рэформы

04.04.2011 08:57
Архив Редакция

Прадстаўнік Бюро па еўрапейскіх і еўразійскіх справах дзярждэпартаменту ЗША Дэніэл Расэл, выступаючы 1 красавіка на слуханні па Беларусі, заявіў, што галоўнымі мэтамі санкцый ЗША з'яўляецца "вызваленне палітычных зняволеных і спыненне іх пераследу ўладамі Беларусі", а таксама дапамогу "тым беларусам, якія імкнуцца да дэмакратыі". Галоўнай жа ўмовай наладжвання адносін паміж краінамі прадстаўнік дзярждэпу назваў прагрэс у дэмакратычных рэформах і правах чалавека ў Беларусі.

Дэніэл Расэл асабліва падкрэсліў, што ў мінулым санкцыі супраць Беларусі прывялі да станоўчых вынікаў, перадае «Голас Амерыкі».

У сваю чаргу кангрэсмен-рэспубліканец Крыс Сміт адзначыў, што ЗША і Еўрасаюз вымушаныя ісці на ўзмацненне санкцый з прычыны таго, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму ігнаруе заклікі міжнароднай супольнасці палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Крыс Сміт адзначыў, што незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі назіралася некаторае паслабленне палітычнага ціску на апазіцыю, што давала надзею на тое, што сітуацыя ў краіне паляпшаецца.

«Аднак гэтыя надзеі выпарыліся ўжо 19 снежня. Маштаб жа гвалту і жорсткасці падаўлення ў паслявыбарчы перыяд перасягнуў усё, што Лукашэнка прадпрымаў у мінулым. Сёння ЗША і ЕС не будуць спрабаваць супакоіць Лукашэнку і паўплываць на яго рэжым пахваламі», — дадаў Крыс Сміт.

Яго калега, кангрэсмен-рэспубліканец і кіраўнік падкамітэту Дэн Бэртан у сваю чаргу адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка «не толькі душыць волі ўласнага народа, але і дапамагае тыранам ў іншых краінах». Дэн Бэртан у сваім выступе звярнуў увагу на тое, што Беларусь парушыла эканамічныя санкцыі, уведзеныя міжнароднай супольнасцю супраць Ірана, а таксама па інфармацыі некаторых крыніц пастаўляла верталёты і зброю ў Кот-д’Івуар для падаўлення дэманстрацый і зброю і боепрыпасы рэжыму Муамара Кадафі ў Лівіі.

Бэртан: Лукашэнка — бандыт і павінен пакінуць свой пост

«Беларускі рэжым — гэта апошні напамін пра «жалезную заслону», і Лукашэнка — бандыт, які павінен пакінуць свой пост», — заявіў кангрэсмэн.

Былы намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі, а цяпер дырэктар арганізацыі Freedom House Дэвід Крамер у сваю чаргу выказаў надзею на тое, што кіраўніцтва Еўрасаюза будзе больш актыўна падтрымліваць санкцыі ЗША супраць беларускага рэжыму.

Дэвіда Крамера падтрымаў і супрацоўнік Цэнтру Карнэгі Мэцью Раджанскі. Па яго словах, падзеі ў Беларусі пасля 19 снежні сур’ёзна пагоршылі сітуацыю не толькі ў самой краіне, але і ізалявалі яе ад міжнароднай супольнасці. Санкцыі, на думку Мэцью Раджанскага, могуць змяніць сітуацыю. «Сёння, дзякуючы палітыцы «перазагрузкі» і пацяплення адносінаў паміж ЕС і Расіяй, існуе ўнікальная магчымасць каардынаваць дзеянні паміж Масквой, Брусэлем і Вашынгтонам, і адняць у Лукашэнкі магчымасць дыктаваць свае ўмовы Захаду і Усходу», — адзначыў у сваім выступе супрацоўнік Цэнтра Карнегі.

Як паведамляў Тэлеграф, дзярждэпартамент ЗША 31 студзеня абвясціў аб увядзенні аднабаковых санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх кампаній. Так, ЗША анулявалі дакумент, які дазваляе амерыканскім грамадзянам здзяйсняць угоды з «Лакафарба» і «Полацк Шкловалакно». Пазней ЗША ўвялі санкцыі таксама супраць беларускай кампаніі «Беларуснафта», якая заключыла ў 2007 годзе кантракт з іранскай NaftIran Intertrade Company на суму 500 млн. даляраў. Акрамя таго, ЗША таксама пашырылі спіс грамадзян Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны.

Как вам новость?