Дзярждэп: ЗША гатовыя ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі

12.01.2011 12:44
Архив Редакция

Намеснік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан заявіў, што калі ў найбліжэйшы час беларускія ўлады не вызваляць усіх затрыманых у сувязі з падзеямі ў Мінску 19 снежня, то Злучаныя Штаты гатовыя рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі. «Многае будзе залежаць ад таго, што распачне Беларусь у найбліжэйшыя дні, асабліва ў дачыненні да затрыманых", - сказаў ён.

Намеснік дзяржсакратара адзначыў, што ЗША ўжо ўвялі раней забарону на ўезд у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў, замарозілі частку іх актываў і іншае. «Мы павінны даць яму (прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку — Тэлеграф) зразумець, што супрацоўніцтва з ім не можа працягвацца, пакуль гэтыя людзі знаходзяцца пад арыштам, і што мы будзем вымушаныя аб’явіць іх палітычнымі зняволенымі, адсутнасць якіх прывяла да паслаблення санкцыяў у дачыненні да Беларусі, але мы гатовыя аднавіць іх, калі ў найбліжэйшыя дні нічога не зменіцца», — адзначыў Філіп Гордан у інтэрв’ю BBC.

Прадстаўнік дзярждэпартаменту таксама паведаміў, што ў гэтым пытанні ЗША цесна супрацоўнічаюць з ЕС, якія маюць больш рычагоў уздзеяння на рэжым Аляксандра Лукашэнкі пры дапамозе «Усходняга партнёрства» і цэлага шэрагу іншых сумесных праектаў. Філіп Гордан падкрэсліў, што, калі палітыка беларускіх уладаў не зменіцца, то краіна можа апынуцца ізаляванай і залежнай ад Расіі, «у чым, як мы разумеем, яны не зацікаўлены».

Як таксама распавёў палітык, ЗША далі зразумець Мінску, што лічаць яго адказным «за здароўе і дабрабыт» затрыманых апазіцыянераў. Між тым, па словах Філіпа Гордана, у Беларусі, якая, «несумненна, з’яўляецца еўрапейскай краінай», ёсць шанец палепшыць ўзаемаадносіны з Захадам. «Дзверы адчыненыя. Паляпшэнне адносін магчыма. Ён ведае, што трэба рабіць для гэтага. Мы чакаем ад яго гэтага як мага хутчэй», — адзначыў палітык.