Дзярждэп ЗША рыхтуецца прыняць рэзалюцыю ААН па Беларусі

16.06.2011 11:31
Архив

Кіраўнік бюро дзярждэпартаменту ЗША па працы з міжнароднымі арганізацыямі Эстар Брымер паведаміла, што ЗША праводзяць перамовы "з шырокім колам краін" з нагоды прыняцця рэзалюцыі па Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека. У сваю чаргу амбасадар ЗША пры Савеце ААН Эйлін Чэмберлен Донах'ю выказала занепакоенасць "прыгнётам мірных пратэстаў у некаторых краінах свету", у тым ліку і ў Беларусі.

Так, па словах Эйлін Чэмберлен, суды над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 снежня, у тым ліку, над экс-кандыдатамі, «не адпавядалі самым мінімальным стандартам, патрабаваным ад справядлівай і незалежнай сістэмы юстыцыі», паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

«Урады павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за парушэнні асноўных правоў сваіх грамадзян на свабоду сходаў, волевыяўлення, рэлігіі і слова», — заявіла амбасадар ЗША пры Радзе ААН.

Як перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт ЗША Барак Абама 14 чэрвеня на год працягнуў санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў, уведзеныя 16 чэрвеня 2006 года яго папярэднікам Джорджам Бушам. «Дзеянні і палітыка беларускага ўрада і іншых асоб працягвае прадстаўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў», — адзначылі ў Белым Доме.