Дзярждэп ЗША: улады Беларусі абмяжоўваюць свабоду веравызнання

18.11.2010 12:27
Архив Редакция

Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што ўлады Беларусі абмяжоўваюць свабоду веравызнання. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе аб сітуацыі са свабодай рэлігіі ў свеце, які 17 лістапада агучыла дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан. На думку амерыканскіх экспертаў, у Беларусі Беларуская праваслаўная царква мае прывілеяванае становішча, а дзейнасць іншых рэлігійных арганізацый уладамі, так ці інакш, абмяжоўваецца.

Цяперашні даклад Дзярждэпартаменту ЗША ахоплівае перыяд з 1 ліпеня 2009 года па 30 чэрвеня 2010 года. Амерыканскія эксперты канстатуюць, што за гэты перыяд беларускія ўлады «працягвалі абмяжоўваць свабоду веравызнання, выкарыстоўваючы палажэнні Закона аб рэлігіі, каб ўскладніць ці прадухіліць дзейнасць рэлігійных арганізацый адрозных ад Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якая мае асаблівы статус дзякуючы дамове з урадам».

Так, Дзярждэпартамент ЗША адзначыў, што ў Беларусі абмежаваны магчымасці рэлігійных арганізацый прадстаўляць рэлігійную адукацыю, на ўвоз і распаўсюд тэматычнай літаратуры ім таксама неабходна атрымліваць спецыяльны дазвол дзяржаўных органаў. Акрамя таго, Дзярждэпартамент адзначыў, што замежнікам у Беларусі забаронена ўзначальваць рэлігійныя арганізацыі. Замежныя місіянеры, а таксама пратэстанцкія царквы, якія карыстаюцца гуманітарнай дапамогай з-за мяжы, па інфармацыі Дзярждэпартаменту ЗША, сутыкаліся з перашкодамі з боку ўладаў, у тым ліку, былі зафіксаваныя выпадкі дэпартацыі місіянераў, адмоваў у выдачы візы або яе анулявання.

«Улады прымушалі многія рэлігійныя супольнасці гадамі чакаць рашэння аб рэгістрацыі або рэстытуцыі маёмасці. Улады пераследавалі і штрафавалі членаў некаторых рэлігійных груп, асабліва тых, якіх лічылі носьбітамі замежнага культурнага ўплыву або палітычнай накіраванасці. Улады працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі суполак нетрадыцыйных канфесій, у асноўным пратэстанцкіх груп, такіх як «Царква Новае Жыццё» і «Беларуская евангельская царква»», — гаворыцца ў дакладзе Дзярждэпартамэнт ЗША.

Дзярждэпартамент ЗША адзначае факты рэлігійнай дыскрымінацыі ў Беларусі

Амерыканскія эксперты таксама паведамілі аб фактах злоўжывання і дыскрымінацыі па рэлігійнай прыналежнасці, а таксама актах вандалізму і падпалаў рэлігійных аб’ектаў, будынкаў і помнікаў.

На думку Дзярждэпартаменту ЗША, беларускія ўлады абмяжоўваюць свабоду веравызнання як непасрэдна, так і ўскосна. Так, у дакладзе гаворыцца аб тым, што ўрад Беларусі ўвёў законы, якія абмяжоўваюць свабоду веравызнання, слова і сходаў, а таксама абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійнай дзейнасці. Акрамя таго, на думку амерыканскіх экспертаў, за некаторыя акты рэлігійнай нецярпімасці ў краіне адказнасць нясе непасрэдна ўрад, які «рэгулярна пазбягаў асуджэння такіх актаў».

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама адзначыў, што ў дачыненні да некаторых рэлігійных суполак, якія прызнаныя ўладамі нетрадыцыйнымі, выкарыстоўваецца «грубы тэрмін «секта»».

У якасці станоўчых зменаў Дзярждэпартамент адзначыў тое, што ў краіне было ўведзена больш строгае адміністрацыйнае пакаранне за прапаганду фашызму і яго сімвалаў.

Гуляка: даклад Дзярждэпартаменту тэндэнцыйны і супярэчлівы

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка, каментуючы даклад Дзярждэпартаменту ЗША, адзначыў, што «ў цэлым дакумент носіць пераважна тэндэнцыйны і супярэчлівы характар», паведамляе МЗС Беларусі. «Прыводзяцца састарэлыя або малазначныя факты для характарыстыкі рэлігійнага жыцця ў рэспубліцы, пры гэтым замоўчваецца пазітыўныя тэндэнцыі ў вобласці свабоды веравызнання ў Беларусі. Асобныя палажэнні перанесены з папярэдніх дакладаў і ўжо неаднаразова каментаваліся беларускім бокам», — падкрэсліў Леанід Гуляка.

«Беларусь паслядоўна дэманструе адкрытасць і гатоўнасць да абмеркавання рэлігійнай тэматыкі з ЗША. На працягу 2006 года ў амбасаду ЗША ў Мінску накіроўваліся падрабязныя адказы на запыты амерыканскага боку, арганізоўваліся сустрэчы супрацоўнікаў амбасады з прадстаўнікамі зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі ў мэтах аб’ектыўнага адлюстравання сітуацыі са свабодай веравызнання. З улікам праведзенай працы ў галіне інфармацыйнага абмену, змешчанае ў дакуменце сцвярджэнне аб нібыта «нежаданні» беларускіх уладаў абмяркоўваць рэлігійную тэматыку з прадстаўнікамі ўрада ЗША выклікае здзіўленне», — заявіў Леанід Гуляка.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі таксама лічыць неабгрунтаванай крытыку дзейных беларускіх законаў у галіне рэлігійнай свабоды. «Дзейнасць рэлігійных арганізацый у Беларусі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Амерыканскаму боку была прадстаўлена ўся неабходная інфармацыя, якая аб’ектыўна адлюстроўвае спрыяльныя ўмовы для дзейнасці ў краіне рэлігійных арганізацый. Накіраваныя станоўчыя водгукі шэрагу рэлігійных арганізацый аб дзеяннях уладаў у ходзе перарэгістрацыі ў 2002-2004 гадах, у тым ліку Саюза хрысціян веры евангельскай, які аб’ядноўвае больш за палову ўсіх пратэстанцкіх арганізацый у Беларусі, і Грэка-каталіцкай царквы. Аднак дадзеныя факты, якія пацвярджаюць станоўчыя ацэнкі канфесійнай палітыкі дзяржавы з боку рэлігійных арганізацый, у дакуменце ўлічаны не былі», — адзначыў Леанід Гуляка.

Гуляка: Дзярждэпартамент не ўлічвае рэлігійныя традыцыі Беларусі

Па словах беларускага чыноўніка, сцвярджэнні Дзярждэпартаменту «аб нібыта прывілеяваным становішчы ў краіне Беларускай праваслаўнай царквы» таксама з’яўляюцца некарэктнымі. «Аўтарамі дакладу не прымаюцца пад увагу шматвяковыя традыцыі рэлігійнага жыцця ў нашай краіне», — адзначыў Леанід Гуляка. Акрамя таго, па яго словах, «Беларуская праваслаўная царква вядзе актыўны міжканфесійны дыялог, што было пацверджана афіцыйным прадстаўніком Рымска-каталіцкай царквы біскупам А. Дзям’янкам (Антоніем Дзям’янкам — Тэлеграф) у ходзе адкрытага дыялогу са старшынём ПАРЕ».

«Аналіз дакладу дзярждэпартаменту ў цэлым паказвае, што большасць з прыведзеных у ім «фактаў» не знаходзіць рэальнага пацверджання, а іх суб’ектыўная інтэрпрэтацыя амерыканскім бокам не можа служыць падставай для негатыўных ацэнак сітуацыі са свабодай сумлення і веравызнання ў Беларусі. Такія ацэнкі не могуць быць дастасаваныя да краіны, у якой адсутнічаюць канфлікты ці сур’ёзныя супярэчнасці на этнаканфесійнай глебе. Лепшым пацвярджэннем гэтаму служыць мірнае суседства 143 нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі», — падкрэсліў Леанід Гуляка.

Гуляка: ЗША спрабуюць навязаць сваё бачанне рэлігійнай свабоды

«Тэндэнцыйнасць ацэнак рэлігійнага жыцця ў нашай краіне, непрыняцце невыгоднай для аўтараў дакладу інфармацыі, сведчыць пра ігнараванне гістарычных традыцый беларускага народа нараўне з імкненнем навязаць сваё бачанне рэлігійнай свабоды», — лічыць беларускі чыноўнік.

Леанід Гуляка заявіў, што «Беларусь выказвае надзею, што ў выпадку складання такіх дакладаў у будучыні Дзярждэпартамэнт ЗША будзе ўстрымлівацца ад неабгрунтаваных ацэнак і высноў, у большай ступені засноўвацца на афіцыйнай інфармацыі, улічваць відавочныя станоўчыя тэндэнцыі ў сферы свабоды сумлення, у тым ліку імкненне дзяржавы да канструктыўнага супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі».

Как вам новость?