Дзярждума РФ ухваліла пагадненне з РБ аб пастаўках ваеннай прадукцыі

27.01.2011 09:12
Архив Редакция

Дзяржаўная дума Расіі 26 студзеня ратыфікавала міжурадавае пагадненне з Беларуссю аб узаемных пастаўках прадукцыі ваеннага, двайнога і грамадзянскага прызначэння ва ўмовах пагрозы агрэсіі або вайны. Згодна з дамовай, бакі маюць права кантраляваць наяўнасць і мэтавае выкарыстанне пастаўлянай ім прадукцыі.

Акрамя таго, бакі дамовіліся выконваць рэжым сакрэтнасці і забяспечваць ахову інтэлектуальнай уласнасці на выкарыстоўваныя і атрыманыя ў ходзе двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, перадае БелаПАН.

Рэалізоўваць пагадненне будуць ваенна-прамысловая камісія пры ўрадзе Расіі, дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі, міністэрства абароны дзвюх краін, расійская федэральная служба па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі.

Дадзенае пагадненне было падпісана яшчэ 10 снежня 2009 года ў Маскве. Яго мэтай з’яўляецца забеспячэнне абароны нацыянальных інтарэсаў абедзвюх краін, а таксама ўзгодненая мабілізацыйная падрыхтоўка эканомік Беларусі і Расіі ў ваенны час, а таксама пры ўзнікненні пагрозы мірнаму існаванню, адбіцці магчымай агрэсіі, у тым ліку актаў міжнароднага тэрарызму.