Дзяржкантроль: аграгарадкам патрэбныя пастаянныя ўвага і клопат

27.08.2010 12:40
Архив Редакция

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праверыў, як у шасці раёнах Віцебскай вобласці ўкараняюцца сацыяльныя стандарты па абслугоўванню сельскага насельніцтва. Праверка паказала, што, нягледзячы на пэўную працу ў гэтым кірунку, належны ўзровень жыцця вяскоўцаў пакуль дасягнуты не ўсюды. У асобных раёнах не выконваюцца нарматывы ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі.

Напрыклад, у Полацкім і Бешанковіцкім раёнах якасць вады не адпавядае стандартам. У прыватнасці, у Полацкім раёне 84% пробаў вады не адпавядалі нарматыўным патрабаванням па ўтрыманні жалеза. Гэта выклікана адсутнасцю станцыяў абезжалезьвання на водазаборных збудаваннях, паведамілі ў Дзяржкантролі.

Вяскоўцы таксама скардзяцца на адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі ў аграгарадках. Напрыклад, у населеным пункце Рудня Полацкага раёна 87 жыхароў шасці шматкватэрных дамоў бяруць ваду з водаразборных калонак і калодзежаў, карыстаюцца прыбіральняй на вуліцы.

Па дадзеных Дзяржкантролю, у Дубровенскім, Сенненскім, Полацкім, Талачынскім раёнах не выконваўся нарматыў па ўдзельнай вазе вуліцаў з удасканаленым пакрыццём. Так, у аграгарадку Славяні Талачынскага раёна, нягледзячы на праведзены бягучы рамонт вуліцаў (на яго выдаткавана 166,9 млн. рублёў), галоўная вуліца аграгарадка па-ранейшаму засталася непраходная.

Дзяржкантроль: у сельскіх школах новыя вокны пакрываюцца цвіллю

У ходзе праверкі супрацоўнікі КДК выявілі недапрацоўкі пры правядзенні рамонтаў установаў культуры і адукацыі. Так, у многіх сельскіх школах масава мяняюць старыя драўляныя вокны на новыя вокны з ПВХ, аднак сістэму вентыляцыі пры гэтым не забяспечваюць. У выніку ў сырых сценах новыя пластыкавыя вокны пакрываюцца цвіллю.

Па дадзеных Дзяржкантролю, асобныя зацверджаныя сацыяльныя стандарты не неадпавядаюць патрэбам насельніцтва. Напрыклад, усярэднены нарматыў па забяспечанасці аптэк не прадугледжвае рэальную магчымасць набыцця жыхарамі лекавых сродкаў.

Праз адсутнасць зацверджанага пераліку лекавых сродкаў для фельчарска-акушэрскіх пунктаў (ФАП) асартымент медпрэпаратаў у іх залежыць толькі ад жадання працаўнікоў ФАПаў. У іх могуць у раздроб прадавацца лекі, нараўне з аптэкамі, якіх па тры-чатыры ў раёне. Напрыклад, у Сініцкім ФАПе Бешанковіцкага раёна лекі ў момант праверкі не прадаваліся наогул. Пры гэтым найбліжэйшая аптэка знаходзіцца ў 17 кіламетрах ад аграгарадка.

Сацыяльныя стандарты ў галіне побытавага абслугоўвання таксама забяспечаны не ўсюды. Напрыклад, у большасці раёнаў Віцебшчыны комплексныя прыёмныя пункты (КПП) працуюць як дыспетчарскія і гандлююць рытуальнымі прыналежнасцямі. Набытае для КПП швейная абсталяванне не выкарыстоўваецца, цырульнае — выкарыстоўваецца часткова. Напрыклад, у Лёзненскім раёне ў двух аграгарадках ў КПП не выкарыстоўваюцца швейныя машыны, не падключана вада для карыстання цырульніцкім абсталяваннем.

Дзяржкантроль: у Гомельскай вобласці прымаюць аграгарадкі з незавершаным будаўніцтвам

Аналагічную праверку Дзяржкантроль правёў у чатырох раёнах Гомельскай вобласці (Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Мазырскі і Рагачоўскі раёны). Матэрыялы праверкі сведчаць аб тым, што ў вобласці штогод прымалі аграгарадкі з незавершанымі будаўніцтвам аб’ектамі. Так, у аграгарадку «Губічы» Буда-Кашалёўскага раёна першапачаткова зацверджаны пашпарт на будаўніцтва (рэканструкцыю, капрамонт) 21 аб’екта быў зменены на 11 аб’ектаў.

Праверка чатырох аграгарадкоў Буда-Кашалёўскага раёна выявіла, што з 64 запланаваных аб’ектаў інфраструктуры толькі 29 было ўведзена своечасова, сем — ўведзена пасля прыёмкі аграгарадкоў, на 21 аб’екце будаўнічыя работы не завершаны, а па сямі аб’ектах праца нават не пачатая.

Дзяржкантроль выявіў неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў у памеры 210 млн. рублёў, выдаткаваных на выраб незапатрабаванай праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты будаўніцтва інфраструктуры аграгарадкоў.

Аналагічныя факты, звязаныя з прыёмкай аграгарадкоў з незавершаным будаўніцтвам аб’ектаў, маюць месца ў Мазырскім, Гомельскім і Рагачоўскім раёнах.

Акрамя таго, выяўлена, што ва ўсіх правераных 14 аграгарадках не створаныя структуры па абслугоўванні асабістых прысядзібных гаспадарак, філіялаў раённых прадпрыемстваў жылкамгасу (у 11), пажарных пастоў (у 7). У чатырох аграгарадках не забяспечваецца сацыяльны стандарт па наяўнасці грамадскіх лазняў, у трох — па ўдзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём, у трох — па забяспечанасці дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Матэрыялы праведзеных праверак з прапановамі па паляпшэнні сітуацыі накіраваны ў адпаведныя аблвыканкамы для разгляду і прыняцця мераў рэагавання.

Как вам новость?
Головоломки