Дзяржкантроль: "Белдзяржхарчпрам" знішчае генафонд нацыі

07.07.2010 10:49
Архив Редакция

Камітэт дзяржаўнага кантролю разгледзеў вынікі праверкі канцэрну «Белдзяржхарчпрам», падчас якой выявіў недахопы ў рабоце як прадпрыемстваў канцэрну, так і кіраўніцтва. Таксама канцэрн не выканаў шэраг прагнозных паказчыкаў, а ў сілу нарастаючага патэнцыялу алкагольнай галіны, арыентаванай на айчыннага спажыўца, дасягнуты небяспечны для генафонду нацыі ўзровень спажывання алкагольных напояў, заявілі ў КДК.

Аб эфектыўнасці працы канцэрну сведчыць невыкананне прагнозных паказчыкаў: у 2009 годзе канцэрн не забяспечыў выкананне 5 з 15 паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аналагічная сітуацыя захоўваецца і сёлета, распавялі ў Камітэце дзяржкантролю.

Праверка выканання канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» даручэнняў кіраўніка дзяржавы і пастановаў Савета міністраў паказала, што за перыяд з 2008 года па першы квартал 2010 года з 58 даручэнняў 21 канцэрнам не выканана, яшчэ дзевяць выкананы не ў поўным аб’ёме.

Акрамя таго, праверкі паказалі, што канцэрн не выконвае ускладзеную на яго задачу па правядзенні адзінай эканамічнай, тэхнічнай і тэхналагічнай палітыкі ў арганізацыях харчовай прамысловасці незалежна ад формаў уласнасці. Праз гэта на прадпрыемствах канцэрна павольнымі тэмпамі рэалізуюцца інавацыйныя праекты, не загружаны вытворчыя магутнасці, не прымаюцца меры, накіраваныя на скарачэнне энергаёмістых вытворчасцяў.

У КДК адзначылі таксама, што нягледзячы на ў цэлым прыбытковую працу, канцэрн не выконвае патрабаванні кіраўніка дзяржавы па недапушчэнні стратнай работы арганізацый, падпарадкаваных дзяржаўным органам. За 2009 год сем прадпрыемстваў канцэрну адпрацавалі ў страту ў памеры 12,8 млрд. рублёў. У першым квартале гэтага года столькі ж прадпрыемстваў атрымалі страту ў памеры 7,7 млрд. рублёў.

Таксама ў Камітэце дзяржкантролю незадаволеныя тым, што «Белдзяржхарчпрам» не арганізаваў належным чынам кантроль за дзейнасцю прадстаўнікоў дзяржавы, прызначаных у органы кіравання гаспадарчых таварыстваў. Акрамя гэтага, шмат прэтэнзій ёсць да кантрольна-рэвізійнага аддзела (КРА) канцэрну «Белдзяржхарчпрам».

Аб нездавальняльнай працы рэвізораў канцэрна кажуць шматлікія парушэнні заканадаўства, выяўленыя ў ходзе праверак Камітэтам дзяржкантролю. У працы аддзела склалася практыка — «выязджаць» за кошт некалькіх супрацоўнікаў. Так, у 2008 годзе аддзелам выяўлена ўчыненай шкоды на 1,4 млрд. рублёў, пры гэтым 949 млн. рублёў (67%) прыпадае на долю двух рэвізораў.

Как вам новость?