КДК: у сістэме ЖКГ неабгрунтавана завышаюць сабекошт паслуг

10.06.2010 16:18
Архив Редакция

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць заявіў, што арганізацыі ЖКГ неабгрунтавана завышаюць сабекошт сваіх паслуг. Кіраўнік ведамства адзначыў, што штогод камунальнікам даводзіцца паказчык па зніжэнні сабекошту паслуг, аднак ён, наадварот, пастаянна расце.

Па словах Зянона Ломаця, акрамя аб’ектыўных фактараў, такіх, як павышэнне коштаў на энергарэсурсы, будматэрыялы, на дадзеную сітуацыю ўплываюць і суб’ектыўныя фактары. У іх ліку — неабгрунтаванае аднясенне выдаткаў на сабекошт, нерацыянальнае выкарыстанне і перарасход рэсурсаў, завышэнне кошту прац, выкананых іншымі арганізацыямі, парушэнні ў аплаце працы, перадае БелТА.

Кіраўнік КДК адзначыў, што асноўная колькасць зваротаў грамадзянаў у яго ведамства тычыцца менавіта дзейнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У сувязі з гэтым кантралёры праверылі камунальныя службы ўсіх абласцей рэспублікі, у тым ліку і Мінску.

«Людзі скардзяцца на кепскі стан жылога фонду, на няякасны і працяглы капітальны рамонт дамоў, на дрэнны стан дваровых тэрыторый, незахаванне тэмпературнага рэжыму вады і цяпла ў кватэрах, на невыкананне іншых сацыяльных стандартаў. Шмат пытанняў па аплаце жыллёва-камунальных паслуг», — сказаў Зянон Ломаць.

Ломаць: у сістэме ЖКГ няма каму адказваць за парушэнні

Сярод выяўленых недахопаў таксама — факты фармалізму, валакіты, абыякавага стаўлення да патрэбаў людзей з боку кіраўнікоў жыллёва-камунальных службаў. Пры гэтым, як адзначыў кіраўнік КДК, «у сістэме ЖКГ грувасткія апараты, шмат кіраўнікоў, а адказваць няма каму».

Асаблівыя пытанні ў правяраючых выклікалі наяўныя выпадкі нямэтавага выкарыстання сродкаў, якія павінны былі пайсці на капітальны рамонт жылля.

Зянон Ломаць прывёў прыклад, назваўшы яго бязладдзем, калі пры правядзенні капрамонту жылых дамоў у ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна Мінску быў завышаны кошт выкананых працаў. Таксама высветлілася, дадзеная арганізацыя больш за 70 мільёнаў рублёў, якія грамадзяне адлічвалі на капрамонт жылля, выкарыстоўвала ў сваіх мэтах. На грошы, замест рамонту, купілі кампутары, імбрык, праязныя білеты.

Как вам новость?
Головоломки