Дзяржкантроль выявіў масавыя парушэнні ў сферы гандлю

10.09.2010 14:03
Архив Редакция

Камітэт Дзяржаўнага кантролю Беларусі выявіў у Мінскай вобласці масавыя парушэнні ў сферы гандлю. Па выніках праверак аштрафавана 8 юрыдычных і 83 фізічныя асобы (адпаведна, на 54,8 і 22,2 млн. рублёў); спагнана падаткаў на суму 27,6 млн. рублёў; да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 183 працаўнікі, з іх 4 — звольненыя, паведамілі ў КДК.

Дзяржкантроль выявіў факты незахавання асартыментных пералікаў на кожным трэцім гандлёвым аб’екце Мінскай вобласці. Так, у краме «Заготовительный» Мядзельскага райпо ў продажы адсутнічалі прадугледжаныя пералікам крухмал, электралямпачкі, накрыўкі, іншыя тавары, а з прадугледжаных паўтара дзесяткаў найменняў сокаў і шакаладу прадавалася ўсяго па адным відзе.

У кожным з 96 правераных аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання сістэмы спажыўкааперацыі дапускаліся парушэнні. Асноўныя з іх — незахаванне патрабаванняў да якасці тавараў (64 выпадкі), непрадстаўленне пакупнікам неабходнай і дакладнай інфармацыі (46), незахаванне санітарных правілаў і нормаў (39), незахаванне парадку фармавання коштаў (6), а таксама прыёму наяўных грошай (3). Па выніках праверак Дзяржкантроль забараніў продаж няякасных тавараў на суму 30,1 млн. рублёў.

КДК: гандаль у сельскай мясцовасці не адпавядае статусу аграгарадкоў

Супрацоўнікі КДК прыйшлі да высновы, што асобныя прадпрыемствы спажыўкааперацыі ў сельскай мясцовасці не адпавядаюць статусу аграгарадкоў. Арганізацыі праводзяць выязное гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў на нізкім узроўні: рэалізуюць няякасныя тавары ў аўтакрамках, не выконваюць графікі руху, асартыментны пералік. У многіх адсутнічае вагавымяральнае абсталяванне, цэтлікі коштаў на тавары, санітарныя кніжкі ў працаўнікоў.

КДК выявіў выпадкі вытворчасці і рэалізацыі прадпрыемствамі спажыўкааперацыі прадукцыі, якая не адпавядае нарматыўным патрабаванням (на суму 11,4 млн. рублёў), а таксама без дакументаў, што пацвярджаюць якасць (309,2 млн. рублёў).

Па дадзеных КДК, у Мінскай вобласці выяўленыя факты злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Так, у верасні 2009 года Мядзельскае райпо закупіла 100 тон бульбы па 21 падробленым дакуменце (указаныя няправільныя звесткі аб здатчыках). Па факце службовай падробкі праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да вядучага таваразнаўцы райпо.

КДК: райпо прадаюць беларускім сялянам імпартныя прадукты

Па дадзеных КДК, у некаторых крамах спажыўкааперацыі ўжо ў сакавіку не было беларускае цыбулі, капусты, морквы, буракоў. Райпо вымушаныя былі купляць і рэалізоўваць насельніцтву імпартныя тавары. У выніку польскі рэпчаты лук ў траўні 2009 года прадаваўся па цане 3,3 тыс. рублёў за кілаграм пры тым, што гранічны раздробны  кошт на беларускую цыбулю складаў 1,8 тыс. рублёў.

Нарыхтаваную прадукцыю таксама захоўваюць недастаткова добра. Так, фермерская гаспадарка «Тытул» (Маладзечанскі раён) звыш нормы сапсавала 50 тон капусты, 20 тон морквы і 15 тон буракоў. У Мядзельскім райпо ў міжсезонны перыяд не забяспечылі захаванасць 10 тон капусты, 10 тон буракоў, 6,7 тоны морквы і 5 тон цыбулі.

Шэраг нараканняў у КДК выклікае выкарыстанне нарыхтаванай прадукцыі. Так, Крупскаей райпо за 5 месяцаў 2009 года адгрузіла ТДА «Сельгаспрадбуд» закупленага мяса і мясапрадуктаў на суму больш за 100 млн. рублёў. наўзамен аказаных паслуг па рамонце складоў. Аднак па інфармацыі ТДА «Сельгаспрадбуд», гэтым таварыствам такія працы не выконваліся. Па гэтых фактах ўзбуджана крымінальная справа, праводзіцца расследаванне.

Разгледжаныя калегіяй Камітэту дзяржкантролю Мінскай вобласці матэрыялы накіраваныя ў аблвыканкам і аблспажыўсаюз для рэагавання. Кантроль за працай арганізацый спажывецкай кааперацыі будзе працягнуты.

Как вам новость?
Головоломки