Дзяржкантроль вырашыў пазбавіцца ў праверках ад "дробных" тэмаў

19.01.2011 11:39
Архив Редакция

Кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Беларусі Аляксандр Якабсон на нарадзе ў КДК Магілёўскай вобласці заявіў, што Камітэту варта пазбаўляцца ад дробных тэмаў у праверачнай дзейнасці і няўхільна кіравацца прынцыпам аб'ектыўнасці. "У сваёй працы Камітэт павінен надаваць значэнне выключна рашэнню сур'ёзных эканамічных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы з мэтай забеспячэння эканамічнай бяспекі краіны", — сказаў кіраўнік КДК.

У сваім выступе Аляксандр Якабсон адзначыў, што галоўнымі ў працы Камітэту павінны быць: 1) кантроль за выкананнем бюджэту, 2) кантроль за выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў і ўласнасці, 3) кантроль за выкананнем даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, 4) прафілактыка парушэнняў, распавялі ў Камітэце дзяржкантролю.

«Пры аналізе парушэнняў супрацоўнікі органаў дзяржаўнага кантролю і фінансавых расследаванняў, а таксама іншых кантралюючых і наглядальных органаў, павінны ўлічваць спецыфічныя асаблівасці, а таксама прычыны і ўмовы, якія спрыяюць здзяйсненню парушэнняў», — адзначыў Аляксандр Якабсон.

Па словах кіраўніка Камітэту, нягледзячы на тое, што кантралюючыя і наглядальныя органы абавязаны ажыццяўляць усеабдымны кантроль, нельга перашкаджаць рабоце прадпрыемстваў і арганізацый. «Не варта скідаць з рахункаў і чалавечы фактар: калі прадпрымальнік здзейсніў парушэнне не наўмысна, а па няведанні, не нанёс істотнае шкоды, то ў адносінах да яго павінна прымяняцца мінімальна адчувальнае пакаранне», — сказаў кіраўнік Камітэту.

У той жа час, як адзначыў Аляксандр Якабсон, калі віна парушальніка будзе пераканаўча ўстаноўлена, ён павінен адказаць за свае дзеянні ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам.

Між тым, ужо на нарадзе з кіраўніцтвам кантралюючых, праваахоўных і судовых органаў Берасцейскай вобласці Аляксандр Якабсон заявіў, што КДК павінен актывізаваць прафілактычную і папераджальную дзейнасць.

Па словах кіраўніка Камітэту, прафілактычныя мерапрыемствы павінны стаць сістэмнай працай. Гэта могуць быць семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасці. Вынікам такой працы павінна стаць зніжэнне колькасці эканамічных злачынстваў і парушэнняў, канстатаваў Аляксандр Якабсон.

Как вам новость?
Головоломки